Пошук


«На пачатку Адвэнту Хрыстус заклікаў нас чуваць. Гэты заклік адносіцца і да нас, да нашага пастырства. Яно не можа заставацца на былым узроўні. Выклікі часу патрабуюць пошуку новых рашэнняў», — звярнуў увагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас пастырскай сустрэчы са святарамі і кансэкраванымі асобамі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэча прайшла 18 снежня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены.

У межах пастырскай сустрэчы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў святую Імшу.

Разважаючы ў гаміліі над літургічным чытаннем гэтага дня, арцыпастыр адзначыў, што Евангелле прадстаўляе Езуса як Таго, хто збавіць свой народ з яго грахоў. «Каб ажыццявіць гэты спрадвечны Божы план, другая асоба Святой Тройцы становіцца чалавекам, які нарадзіўся з жанчыны. Нарадзіць Збаўцу свету — гэта місія Марыі, даручаная Ёй Богам. (…) Трэба звярнуць увагу на тое, што для ажыццяўлення свайго плану збаўлення чалавека Бог патрабуе згоды самога чалавека. У нашым выпадку — Марыі», — дадаў іерарх.

«Ці гэта не парадокс? Усемагутны Бог шукае супрацоўніцтва з чалавекам, якога хоча збавіць. На самой справе гэтым самым Бог хацеў яшчэ раз падкрэсліць свабоду выбару чалавека. Чалавек у раі свабодна выбраў грэх. Бог прапануе яму збаўленне, не навязвае яго, але пытаецца: ці ты, чалавек, хочаш? Такім чынам Бог шануе свабоду і годнасць чалавека», — патлумачыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Поўны тэкст гаміліі>>>

«Бог рыхтуе тых, каго выбірае і каму даручае спецыяльную місію, — заўважыў арцыбіскуп. — Нас, святароў і кансэкраваных асобаў, Бог паклікаў да адпаведнай місіі, у адпаведым месцы і ў адпаведны час. Нашай місіяй з’яўляецца абвяшчаць Божае слова людзям, асвячаць іх, цэлебруючы сакрамэнты і служачы ім, будаваць касцёльную супольнасць. Месцам з’яўляецца Беларусь з яе багатай і адначасова трагічнай гісторыяй. Час — гэта ўжо XXI стагоддзе, калі нанова трэба евангелізаваць краіну пасля трох пакаленняў ганенняў і падчас выклікаў сучаснасці, якія яе дэхрысціянізуюць».

«Кожны час мае свае выклікі і праблемы для вырашэння. У часы ганенняў нешматлікія святары стараліся, як маглі, каб агеньчык веры не згас падчас атэістычнай буры. Пасля атрымання свабоды веравызнання галоўнай задачай была адбудова касцёльных структур і касцёлаў, справа паклікання і выдання літургічнай літаратуры», — нагадаў іерарх.

«Вядома, што стаячая вада псуецца. Таксама і наша душпастырства не можа заставацца на дасягнутым. На пачатку Адвэнту Хрыстус заклікаў нас чуваць. Гэты заклік адносіцца і да нас, да нашага пастырства. Яно не можа заставацца на былым узроўні. Выклікі часу патрабуюць пошуку новых рашэнняў. Толькі тады мы зможам сказаць, што выканалі даручаную нам Богам місію», — падкрэсліў арцыбіскуп.

«Многія баяцца брацца за новыя заданні. Прыкладам нам з’яўляюцца Марыя і Юзаф. Падчас Звеставання арханёл Габрыэль сказаў Ёй: “Не бойся!” У сённяшнім Евангеллі мы ізноў чуем той жа заклік, але ўжо да Юзафа, які вагаўся ў сваіх адносінах да цяжарнай Марыі і нават хацеў Яе пакінуць. І Марыя, і Юзаф прынялі Божую волю, дзякуючы чаму ажыццявіўся Божы план Збаўлення», — звярнуў увагу іерарх.

 

«Мы таксама часта абцяжараныя рознымі клопатамі і часам нават хочам збегчы ад іх, каб аблегчыць сабе жыццё, — дадаў Мітрапаліт. — Нешматлікія святары ў савецкія часы не збеглі, не пакінулі сваіх авечак, дзякуючы чаму захавалася вера».

«Няхай голас арханёла Габрыэля: “Не бойцеся” таксама гучыць у нашых сэрцах і няхай нас падбадзёрвае. А Марыя і св. Юзаф сваім прыкладам і заступніцтвам няхай дапамагаюць нам не збегчы ад нашых абавязкаў, але выканаць іх належным чынам, дзякуючы чаму Езус будзе нараджацца ў сэрцах людзей і Божае Валадарства — пашырацца на нашай зямлі», — пажадаў Мітрапаліт удзельнікам пастырскай сустрэчы.

Абноўлена 18.12.2017 23:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа