Пошук

18.12.2017 17:57   Catholic.by

Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 18 снежня 2017 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. З кожным днём мы набліжаемся да радасных і збаўчых святаў Божага Нараджэння. Чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе, набліжаюць нас да падзеі, якую мы ўжо праз тыдзень будзем святкаваць.

У першым чытанні прарок Ерамія выразна кажа, што Бог абудзіць для Давіда Парастак справядлівы. Гэта азначае, што з роду Давіда народзіцца доўгачаканы Збаўца, які прынясе мір у гэты свет.

Евангелле прадстаўляе Езуса як Таго, хто збавіць свой народ з яго грахоў. Каб ажыццявіць гэты спрадвечны Божы план, другая асоба Святой Тройцы становіцца чалавекам, які нарадзіўся з жанчыны. Нарадзіць Збаўцу свету – гэта місія Марыі, даручаная Ёй Богам. Яна стала Маці, дзякуючы якой ажыццявіўся збаўчы Божы план.

Каб стаць ёй, Бог адарыў Яе прывілеем Беззаганнага Зачацця. Менавіта таму падчас Звеставання арханёл Габрыэль назваў Яе поўнай ласкі. Гэта азначае гатовай да выканання даручанай Ёй місіі.

2. У сувязі з гэтым, трэба звярнуць увагу на тое, што для ажыццяўлення свайго плану збаўлення чалавека Бог патрабуе згоды самога чалавека. У нашым выпадку – Марыі. Ці гэта не парадокс? Усемагутны Бог шукае супрацоўніцтва з чалавекам, якога хоча збавіць. На самой справе гэтым самым Бог хацеў яшчэ раз падкрэсліць свабоду выбару чалавека. Чалавек у раі свабодна выбраў грэх. Бог прапануе яму збаўленне, не навязвае яго, але пытаецца: ці ты, чалавек, хочаш? Такім чынам Бог шануе свабоду і годнасць чалавека.

Марыя не падвяла ні Бога, ні чалавецтва, якое чакала і не магло дачакацца Збаўцы. І таму Яна адказвае сваё: “Fiat” – згаджаюся з Божай воляй.

Усё гэта не здарылася спантанна. Бог падрыхтваў Марыю да гэтай місіі, і Яна выканала яе выдатна.

3. Кожна з нас – біскуп, святар, манах, манахіня і свецкі чалавек – павінны быць падрыхтаваны да даручанай нам місіі. Бог рыхтуе тых, каго выбірае і каму даручае спецыяльную місію.

Нас, святароў і кансэкраваных асобаў, Бог паклікаў да адпаведнай місіі, у адпаведым месцы і ў адпаведны час. Нашай місіяй з’яўляецца абвяшчаць Божае слова людзям, асвячаць іх, цэлебруючы сакрамэнты і служачы ім, будаваць касцёльную супольнасць.

Месцам з’яўляецца Беларусь з яе багатай і адначасова трагічнай гісторыяй.

Час – гэта ўжо XXI стагоддзе, калі нанова трэба евангелізаваць краіну пасля трох пакаленняў ганенняў і падчас выклікаў сучаснасці, якія яе дэхрысціянізуюць.

Кожны час мае свае выклікі і праблемы для вырашэння. У часы ганенняў нешматлікія святары стараліся, як маглі, каб агеньчык веры не згас падчас атэістычнай буры. Пасля атрымання свабоды веравызнання галоўнай задачай была адбудова касцёльных структур і касцёлаў, справа паклікання і выдання літургічнай літаратуры. Хаця ўсё яшчэ не ўсе з гэтых праблем дастакова вырашаны, мы павінны глядзець наперад.

4. Вядома, што стаячая вада псуецца. Таксама і наша душпастырства не можа заставацца на дасягнутым. На пачатку Адвэнту Хрыстус заклікаў нас чуваць. Гэты заклік адносіцца і да нас, да нашага пастырства. Яно не можа заставацца на былым узроўні. Выклікі часу патрабуюць пошуку новых рашэнняў. Толькі тады мы зможам сказаць, што выканалі даручаную нам Богам місію.

Многія баяцца брацца за новыя заданні. Прыкладам нам з’яўляюцца Марыя і Юзаф. Падчас Звеставання арханёл Габрыэль сказаў Ёй: “Не бойся!” У сённяшнім Евангеллі мы ізноў чуем той жа заклік, але ўжо да Юзафа, які вагаўся ў сваіх адносінах да цяжарнай Марыі і нават хацеў Яе пакінуць. І Марыя, і Юзаф прынялі Божую волю, дзякуючы чаму ажыццявіўся Божы план Збаўлення.

Мы таксама часта абцяжараныя рознымі клопатамі і часам нават хочам збегчы ад іх, каб аблегчыць сабе жыццё. Але ці тады выканаем сваю місію? Напэўна, не.

Нешматлікія святары ў савецкія часы не збеглі, не пакінулі сваіх авечак, дзякуючы чаму захавалася вера. Няхай голас арханёла Габрыэля: “Не бойцеся” таксама гучыць у нашых сэрцах і няхай нас падбадзёрвае. А Марыя і св. Юзаф сваім прыкладам і заступніцтвам няхай дапамагаюць нам не збегчы ад нашых абавязкаў, але выканаць іх належным чынам, дзякуючы чаму Езус будзе нараджацца ў сэрцах людзей і Божае Валадарства – пашырацца на нашай зямлі. Амэн.

Абноўлена 18.12.2017 23:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця