15 снежня ў горадзе над Бугам урачыста адкрылі памятны знак «Біблія Брэсцкая. 1563». На адкрыцці прысутнічала кіраўніцтва горада, дыпламаты, прадстаўнікі грамадскіх і моладзевых арганізацый, а таксама жыхары горада.
Вышыня скульптуры з бронзавай «пазалотай» — 180 сантыметраў, вага — больш за паўтоны. Камень-пастамент спецыяльна прывезлі з Карэліі. Сярод дзесяці папярэдніх ідэй перамогу атрымаў праект брэсцкага скульптара Антона Нічыпарука. Як падзяліўся аўтар, гэта яго першая вялікая праца. Яна сімвалізуе цягу да ведаў, птушка якая ўзлятая — гэта вобраз палёту думак.
«Я імкнуўся стварыць мастацкі вобраз, а не дакументальнае паўтарэнне старажытнага выдання», — выказаўся Антон Нічыпарук.
Мэр Брэста Аляксандр Рагачук нагадаў, што выданне Берасцейскай (Радзівілаўскай) Бібліі з’яўляецца адной са знакавых дат і сімвалаў тысячагадовай гісторыі Брэста.
«Мы зараз вядзем вялікую працу, каб знайсці і выкупіць сапраўдны экземпляр Берасцейскай Бібліі, прывезці яе ў наш родны горад, — сказаў у выступленні Аляксандр Сцепановіч. — Не буду хаваць, што я трымаў у руках яе поўнае выданне, якое знаходзіцца ў прыватнай калекцыі. Гэта асаблівая энергетыка і эмоцыі. У межах падрыхтоўкі да тысячагоддзя Брэста мы вядзем складаны перагаворны працэс, каб гэтае рарытэтнае выданне вярнулася да нас у Брэст. І гэта толькі пачатак вялікага працэсу па аднаўленні нашай гісторыі, па захаванні гістарычнай памяці. Упэўнены, што гэтая праца будзе працягвацца.
У самім памятным знаку будзе «схаваная» спецыяльная карта з інфармацыяй.
Гістарычная даведка:
Брэсцкая Біблія - помнік беларускага кнігадрукавання XVI стагоддзя. Гэта другі поўны пераклад Святога Пісання на польскую мову пасля каталіцкай Бібліі Леапаліта. Брэсцкая Біблія была выдадзеная ў Берасцейскай друкарні ў 1563 годзе на сродкі фундатара Мікалая Радзівіла Чорнага. Таму яна яшчэ вядомая як Радзівілаўская Біблія або як Піньчаўская Біблія — паводле месца выканання перакладу. Радзівілаўская Біблія стала адным з першых поўных перакладаў Новага часу з моў арыгіналу: іўрыта і грэчаскай мовы. Самая вялікая і багата аформленая беларуская друкаваная кніга XVI стагоддзя.