Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка кіруе Паведамленне вернікам Пінскай дыяцэзіі з нагоды пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце.
ПАВЕДАМЛЕННЕ
біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
з нагоды пасвячэння касцёла
Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
Вернікам Пінскай дыяцэзіі
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Падчас актавы Божага Нараджэння, у суботу 28 снежня а 11-й гадзіне нас чакае радасная ўрачыстасць пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў мікрараёне Рэчыца ў горадзе Брэсце (вул. Сонечная, 82 В).
Гэтая парафія мае багатую гісторыю. На пачатку ХХ стагоддзя ў гэтай частцы горада быў пабудаваны прыгожы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Аднак падчас ліхалецця вайны і часоў атэізма святыня была страчана, выкарыстоўвалася для іншых, свецкіх мэтаў. Пасля адраджэння дзейнасці парафіі на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў, дзякуючы старанням вернікаў і мясцовых душпастыраў гарадскія ўлады выдзелілі католікам месца для пабудовы парафіяльнай святыні ў новым месцы таго ж мікрараёна.
Сёння мы цешымся і дзякуем Міласэрнаму Богу за адраджэнне парафіі і паспяховае завяршэнне будаўніцтва новага парафіяльнага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Католікі Брэста, якія пражываюць у мікрараёне Рэчыца і ў прылеглых частках горада, зноў маюць годнае месца для супольнай малітвы і яднання з Богам у святых сакрамэнтах.
Запрашаю біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на радасную ўрачыстасць пасвячэння новага парафіяльнага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Няхай гэты супольны малітоўны акт аддання святыні ў выключнае служэнне Божаму культу 28 снежня а 11-й гадзіне стане асаблівым часам каляднай сустрэчы для католікаў Брэсцкага рэгіёна.
Перажываючы час падрыхтоўкі да Святога 2025 года ў Паўсюдным Касцёле і адзначаючы стагоддзе заснавання Пінскай дыяцэзіі, няхай кожны вернік нашай дыяцэзіі ўключыцца ў радасную ўрачыстасць пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце або сваёй прысутнасцю, або духоўнай малітоўнай падтрымкай.
З пастырскім благаслаўленнем,
✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 10 снежня 2024 г.
Святарам належыць абвясціць гэтае паведамленне вернікам у нядзелю 22 снежня падчас кожнай святой Імшы і размясціць на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў да 28 снежня 2024 г.