15 снежня ў прамым эфіры «СБ ТБ» Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на пытанне пра магчымую змену пераклада малітвы «Ойча наш». Пра гэта паведамляе katolik-gomel.by.
— У малітве «Ойча наш» ёсць радок «не ўводзь нас у спакусу». Але Бог не ўводзіць у спакусу, Ён дапускае спакусу. Бог не прымушае здзейсніць дрэнны ўчынак, чалавек мае вольную волю і сам прымае рашэнне.
Іерарх прывёў у прыклад літоўскую мову, дзе гэты радок малітвы гучыць як «не дазволь нам спакусіцца».
Паводле слоў арцыбіскупа, Папа Рымскі мае рацыю — у некаторых мовах пераклад малітвы Панскай можа выклікаць у вернікаў супярэчлівыя пачуцці, таму пераклады на некаторыя мовы варта прааналізаваць яшчэ раз.
Мітрапаліт адзначыў, што кожны радок малітвы «Ойча наш» трэба ўспрымаць у кантэксце ўсёй малітвы.
— Калі звярнуць увагу на кантэкст, радок «не ўводзь нас у спакусу» ўжо не здаецца такім супярэчлівым, — лічыць арцыбіскуп Кандрусевіч. — За ім ідзе наступны радок «але збаў нас ад злога», ён дапамагае зразумець папярэдні выраз. Малітву варта ўспрымаць агулам, а не разрознена.
Арцыбіскуп адзначыў, што ў Беларусі, Расіі і былой постсавецкай прасторы, дзе выкарыстоўваюцца славянскія мовы, будзе вялікай праблемай змяніць пераклад «Ойча наш», таму што гэта адзіная малітва, «якая яднае католікаў, праваслаўных і пратэстантаў».