Пошук

29.12.2025 19:16   Catholic.by

Каментарый арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Паслання Папы Льва XIV на 59-ы Сусветны дзень міру, які адзначаецца 1 студзеня 2026 года.

МІР З ВАМІ ЎСІМІ. ДА НЯЎЗБРОЕНАГА І РАЗЗБРОЕНАГА МІРУ

Дарагія браты і сёстры,

1. Сардэчна вітаю вас у Новым 2026 годзе і віншую з пачаткам новай жыццёвай пілігрымкі, якую Бог дазваляе нам распачаць з мэтай нашага духоўнага дасканалення і выканання місіі, якую Ён кожнаму з нас даручыў у Касцёле і грамадстве.

Гэты новы этап нашага жыцця мы распачынаем з Марыяй, якую ў першы дзень Новага года праслаўляем як Багародзіцу. Мы перажываем перыяд Божага Нараджэння, калі разважаем пра прыйсце Сына Божага ў наш свет у вобразе чалавека. З нараджэннем Езуса з Дзевы Марыі распачалася новая эра ў гісторыі чалавецтва. Таму лагічна, што Новы год мы распачынаем з Марыяй і на яго пачатку просім яе аб апецы над намі.

Лацінскае выслоўе кажа: Ad Jesum per Mariam — «Да Езуса праз Марыю». Вядзі нас, Марыя, да свайго Сына — нашага Збаўцы і крыніцы надзеі, якая не асароміць (пар. Рым 5, 5).

Нягледзячы на тое, што 2025 Юбілейны год надзеі завяршаецца, надзея застаецца.

Няхай Новы год, падчас якога мы будзем адзначаць круглую дату 35-годдзя заснавання нармальных кананічных касцёльных структур у Беларусі, пад тваёй апекай стане часам духоўнага дасканалення і супакою ў нашых душах, Бацькаўшчыне і свеце.

2. Традыцыйна першы дзень Новага года ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца як Сусветны дзень міру.

З гэтай нагоды Папа звяртаецца да ўсіх людзей добрай волі з адмысловым Пасланнем.

У гэтым годзе яго тэма: «Мір з вамі ўсімі. Да няўзброенага і раззбройваючага міру».

Гэта тэма сугучна з першымі словамі яго пантыфікату «Спакой вам», якія ён сказаў з балкону Базылікі Святога Пятра 8 мая 2025 года.

Пасланне Папы Льва XIV складаецца з уступу і трох раздзелаў — Спакой уваскрослага Хрыста, Няўзброены спакой, Раззбройваючы спакой і Заключнага пажадання.

3. Найперш Святы Айцец сцвярджае, што нашым спакоем з’яўляецца Уваскрослы Хрыстус, Які перамог смерць і зруйнаваў муры, што падзялялі людзей (пар. Эф 2,14).

Сапраўды мір — гэта дар уваскрослага Хрыста, мір бяззбройны і раззброены, пакорны і настойлівы. Ён паходзіць ад Бога і перамяняе свет. У той жа час канфрантацыя паглыбляе нестабільнасць і непрадказальнасць.

Пантыфік заклікае ўсіх людзей адкрыцца на мір і стаць яго сведкамі. Мы пакліканы ісці гэтым, пракладзеным Уваскрослым Хрыстом, шляхам.

Таму мы павінны прыняць мір як рэальную магчымасць, а не лічыць яго далёкай і недасяжнай, выходзячай па-за гарызонт нашых мараў, мэтай.

Спакой існуе, хоча ў нас прабываць, мае лагодную моц асвячэння і пашырэння кругагляду, супрацьстаіць гвалту і перамагае яго. Больш таго, спакой мае подых вечнасці. Таму мір з’яўляецца не столькі мэтай, колькі прысутнасцю і нашым жыццёвым шляхам.

Як у велікодны вечар Езус увайшоў праз зачыненыя дзверы Вячэрніка да спалоханых і засмучаных апосталаў (пар. Ян 20, 19), так і спакой уваскрослага Хрыста працягвае пранікаць праз перашкоды сучаснага свету, дзякуючы намаганням Яго сведкаў.

4. Нагадваючы пра няўзброены спакой, Папа выкарыстоўвае зварот Езуса да апосталаў перад пагрозай свайго арышту: «Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца» (Ян 14, 27).

Пры гэтым Ён кажа Пятру, які хацеў Яго бараніць: «Схавай меч у ножны» (Ян 18, 11).

Спакой уваскрослага Езуса бяззбройны, бо бяззбройнай была Яго барацьба ў канкрэтных гістарычных, палітычных і сацыяльных абставінах. Ён заклікаў зло перамагаць дабром (пар. Рым 12, 21).

Папа падкрэслівае, што калі мір не становіцца выпрабаванай рэальнасцю, якую трэба культываваць і аберагаць, то агрэсія будзе распаўсюджвацца на хатняе і грамадскае жыццё і прывядзе да высновы, што для дасягнення міру трэба рыхтавацца да вайны, як казалі калісьці: Si vis pacem, para bellum. Таму невыпадкова сучасная тэндэнцыя павелічэння ваенных расходаў прадстаўляецца як апраўданая рэакцыя на знешнія пагрозы.

Тэндэнцыя разбудавання стрымліваючай зброі, у тым ліку і ядзернай, увасабляе сабой ірацыянальнасць міжнародных адносін, заснаваных не на праве, справядлівасці і даверы, а на страху і дамінаванні сілы.

У сувязі з гэтым актуальным з’яўляецца заклік святога Аўгустына не спальваць масты і не працягваць дакараць, а аддаваць перавагу слуханню і дыялогу. Таму мір неабходна абараняць, нават калі яму, як малому полымю, пагражае вецер буры.

Пантыфік таксама асуджае тэндэнцыю, калі замест культуры памяці, якая захоўвае трагічны досвед XX стагоддзя з мільёнамі нявінных ахвяр, сучасныя адукацыйныя праграмы і сродкі масавай камунікацыі нагнятаюць абстаноўку і прапагуюць ваеннае разуменне абароны і бяспекі.

Вельмі небяспечным з’яўляецца прагрэс ваенных тэхналогій, якімі можа кіраваць штучны інтэлект. Такая сітуацыя можа прывесці да спробаў ўхілення ад адказнасці, бо рашэнні аб ужыцці зброі будуць дэлегавацца машынам. У выніку чаго мы маем справу з беспрэцэдэнтнай дэструктыўнай спіраллю, якая пагражае прававому і філасофскаму гуманізму, на якім заснавана і дзякуючы якому захоўваецца любая цывілізацыя.

Таму неабходна духоўнае абуджэнне, прыкладам чаго можа служыць святы Францішак Асізскі, які ў сітуацыі крывавых войнаў паміж магутнымі родамі і трагічным станам беднякоў знайшоў унутранні супакой, вызваліўся ад усялякага жадання валадарыць над іншымі і стараўся жыць з імі ў гармоніі. Яго гісторыя павінна мець свой працяг у наш час і патрабуе супольных намаганняў для дасягнення міру, які нараджаецца з адкрытасці і евангельскай пакоры.

5. Раззбройваючы супакой павінен характарызавацца лагоднасцю, бо дабрыня абяразбройвае.

Бог стаў Немаўлём у асобе народжанага ў Бэтлееме Езуса Хрыста, бо дзіця можа змягчыць і адмовіцца ад гвалту.

Папа Леў XIV цытуе святога Яна ХХІІІ, які першым увёў перспектыву ўсеагульнага раззбраення, якога можна дасягнуць толькі праз аднаўленне сэрца і розуму з мэтай усвядоміць, што сапраўдны і трывалы мір паміж народамі не можа заключацца ў валоданні роўнай колькасцю ўзбраенняў, а ва ўзаемным даверы.  

Адсюль зыходзіць вялікая адказнасць рэлігіі і духоўных лідараў, каб абараніць чалавецтва ад спакусы выкарыстання думак і слоў у якасці зброі. У сувязі з гэтым Пантыфік заклікае да культывавання малітвы, духоўнасці, экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу для дасягнення міру і стварэння ўмоў для сустрэчы розных традыцый і культур. Плённая душпастырская крэатыўнасць павінна паказаць, што мір не з’яўляецца ўтопіяй.

Спакой таксама мае і палітычнае вымярэнне. Пакліканыя да выканання публічных функцый асобы павінны клапаціцца аб гуманным урэгуляванні адносін паміж дзяржавамі, якое павінна грунтавацца на ўзаемным даверы, шчырасці ў перамовах і добрасумленным выкананні прынятых абавязацельстваў. Гэтага можна дасягнуць шляхам дыпламатыі, перамоў і пашанавання міжнароднага права, чаму павінна спрыяць узмацненне наднацыянальных інстытутаў.

6. Ключавыя моманты Паслання Папы можна прадставіць наступным чынам:

  • Раззброены мір — гэта мір, які заснаваны не на пагрозах, страху ці ўзбраенні, а на ўзаемнай любові і прабачэнні.
  • Раззбройваючы мір — гэта мір, які здольны вырашаць канфлікты, адкрываць сэрцы і ствараць давер, эмпатыю і надзею.
  • Сапраўдны мір супрацьпастаўляецца логіцы вайны, што ўключае ў сябе адмову ад прыгнёту, аргументу сілы і абыякавасці да закона разам з рашучым заклікам да раззбраення.
  • Час патрабуе пераасэнсаваць старое лацінскае выслоўе Si vis pacem, para bellum — «Калі хочаш міру, то рыхтуйся да вайны» на новае Si vis pacem, para pacem — «Калі хочаш міру, то стварай мір». Для гэтага неабходна сканцэнтравацца на стварэнні адмысловых міжнародных структур, якія будуць выкарыстоўваць дыялог, ідэі справядлівасці і прабачэння як умовы для дасягнення міру.
  • Кожны чалавек — веруючы і няверуючы, палітык і просты грамадзянін — адказны за мір і павінен стаць будаўнічым мастоў, сейбітам дабра і носьбітам гармоніі.
  • Малітва з’яўляецца магутным інструментам прымірэння, якое можа змяніць гісторыю народаў.
  • Вайна ніколі не бывае святой, толькі мір святы. Таму неабходна сказаць станоўчае не ваяўнічай рыторыцы.
  • У імкненні да міру неабходна ў цэнтр нашых намаганняў паставіць Уваскрослага Хрыста, які прапануе любоў як падмурак адзінства і прымірэння.

7. Такім чынам, паводле Папы Льва XIV, спакой — гэта не недасягальны гарызонт чалавечых мараў, а дадзены Богам дар, які трэба бараніць.

Для гэтага неабходна замест ідэі вайны кіравацца ідэямі справядлівасці, прабачэння і дыялогу, а таксама спрыяць развіццю культуры сустрэчы для вырашэння канфліктаў і стварэння новай надзеі на трывалы мір.

Пантыфік настойвае на будаванні міжнародных інстытутаў міру, раззбройванні нашай мовы і ператварэнню свету ў месца прымірэння праз малітву і сведчанне, прытрымліваючыся закліку Хрыста да міру.

8. Заключнае пажаданне.

Напрыканцы Паслання Папа выказвае надзею, што яно стане плёнам Юбілейнага года надзеі, які заахвоціў мільёны людзей нанова адчуць сябе пілігрымамі і пачаць у саміх сабе раззбраенне сэрца, розуму і жыцця, на якое Бог не замарудзіць адказаць выкананнем сваіх абяцанняў усталяваць трывалы мір (пар. Іс 2, 4-5).

Браты і сёстры! Прымем яго як нашу асабістую і супольную адказнасць учыніць усё магчымае, каб на зямлі ўсё мацней гучаў голас анёльскіх хораў:

«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14).

Давяраю ўсіх нас апецы Марыі — Каралевы міру — і ад усяго сэрца благаслаўляю.

 

✠ Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі

 

Мінск, 25 снежня 2025 г.,
Божае Нараджэнне

Выкарыстаная літаратура:

  1. MESSAGE OF HIS HOLINESS POPE LEO XIV FOR THE LIX WORLD DAY OF PEACE. 1st JANUARY 2026//https://www.vatican.va/content/leo-xiv/en/ messages/peace/documents/20251208-messaggio-pace.html.
Абноўлена 29.12.2025 19:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.