9 снежня ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску прайшло адвэнтавае моладзевае чуванне на тэму «Узрадуюся ў Пану, узвесяліцца душа мая ў Богу маім».
Улічваючы тэму моладзі наступнага Сінода Біскупаў, журналісты Catholic.by распыталі ўдзельнікаў чування аб уражаннях ад сустрэчы і аб тым, што трэба змяніць у Касцёле, каб яшчэ больш дзяўчат і хлопцаў прыйшло да Бога.
Павел Леановіч, Бабруйск
На чуванне прыязджаю, каб адчуць настрой свята, пабачыць старых сяброў і знайсці новых. З некаторымі, з кім я пазнаёміўся тут, мы сталі добрымі сябрамі.
Чаго чакае моладзь ад Касцёла? Пабольш такіх сустрэч, каб маладыя людзі змаглі знайсці адказы на пытанні, якія іх турбуюць, а таксама зносін з аднагодкамі, якія б сталі для іх прыкладам веры.
Юля Несвятаева, Нарач
На сустрэчах моладзі заўсёды прысутнічае моцная атмасфера. Відаць, таму, што сярод нас Бог. Гэта незабыўныя пачуцці і ўражанні, а яшчэ — новыя тэмы для разважанняў і гарантаванае паляпшэнне настрою.
Як прывабіць моладзь у Касцёл? Патрэбен штуршок, які б зацікавіў і зрабіў нашу канфесію больш моднай, а ў далейшым працягнуў бы яе развіццё. Стыль жыцця змяніўся, людзі ўсё больш часу праводзяць анлайн. Касцёл павінен улічваць гэтыя змены і быць больш актыўным у віртуальным жыцці.
Юлія Шырокая, Паставы
Кожнае чуванне — гэта магчымасць навяртання. Тут заўсёды ёсць магчымасць споведзі, што вельмі добра. Асабіста мне хацелася б таксама малітвы праслаўлення, бо для мяне гэта момант найбольшага набліжэння да Бога.
Што зрабіць, каб моладзі ў Касцёле было больш? Рыхтаваць добрыя казанні (усміхаецца — заўв. аўт.). Для мяне гэта вельмі важна, бо маё навяртанне адбылося якраз праз такія моцныя казанні аднаго святара. А яшчэ нам не хапае евангелізацыйнага моманту. Наколькі я ведаю, у пратэстанцкім асяроддзі гэта больш распаўсюджана.
Наталля Бурдун, Дзятлава
Я ўжо 10 гадоў жыву ў Мінску і шмат разоў была на чуваннях. На такіх сустрэчах не бывае чагосьці лішняга. Але шмат залежыць ад таго, на які час паставілі той ці іншы пункт праграмы. Калі канферэнцыя стаіць пад ранак, то ўспрымаецца яна цяжэй.
Сама я ўжо запоўніла анкету для моладзі на Сінод Біскупаў. На маю думку, моладзі ў Касцёле не хапае большай адкрытасці і ўмення гаварыць пра сваю веру не толькі касцёльным сябрам, але і людзям са штодзённага асяродку.
Калі я вучылася ва ўніверсітэце, то ніколі не хавала, што хаджу ў касцёл. Сябры заўжды з павагай ставіліся да майго выбару, калі я не ішла з імі кудысьці ў час посту.
Дзяніс Куцюн, Барысаў
Кожнае чуванне ўспрымаецца па-рознаму ў залежнасці ад узросту, настрою і духоўнага стану. На чуванні можна сустрэць старых знаёмых і галоўнае — у малітоўнай атмасферы паразважаць над пытаннямі, якія даўно непакояць.
У працы з моладдзю Касцёлу не хапае рэкламы, як мне здаецца. Спраў робіцца шмат, але не ўсе пра гэта ведаюць. Інфармацыю пра Касцёл можна знасці ў сеціве, але калі чалавек далёкі ад гэтага, то не будзе ведаць, дзе шукаць. Я пачаў бы з пілігрымак: у мяне ёсць знаёмыя, якія ішлі ў пілігрымку як у паход, а пасля прыходзілі ў Касцёл і заставаліся.
«Для Бога няма нічога немагчымага»
Першай часткай чування стала святая Імша. Сярод іерархаў у ёй прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Гамілію да прысутных прамовіў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Іерарх заўважыў, што ў жыцці кожнага чалавека можа быць шмат «прывабных дарог і шляхоў», але ўсе яны вядуць да духоўнай смерці. Аднак толькі адзін — Божы шлях — з'яўляецца шляхам, які вядзе да сапраўднага, не ілюзорнага шчасця.
«Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму, і кожны чалавек убачыць Божае збаўленне». Паводле арцыбіскупа, гэтыя словы св. Яна Хрысціцеля павінны стаць арыенцірам у Адвэнт:
«Бог шануе свабоду кожнага чалавека і яго выбар. Ён не можа выраўняць дарог нашага жыцця і не можа ўчыніць так, каб яны вялі да Яго. Аднак Ён ставіць на нашым жыццёвым шляху знакі, якія ўказваюць напрамак нашага жыцця. Яны дапамагаюць нам зрабіць выснову, ці сапраўды ідзём у правільным напрамку».
Тэкст гаміліі цалкам чытайце ТУТ››
Мітрапаліт нагадаў, што Адвэнт з'яўляецца найбольш спрыяльным часам для таго, каб адказаць самім сабе, якой дарогай ідзём.
«Можа, гэты шлях скрыўлены, невыразны, на якім згубіліся, але нам бракуе адвагі прызнацца перад самімі сабой? Калі так, то неабходна навярнуцца, бо Адвэнт — вельмі адпаведны для гэтага час», — адзначыў арцыбіскуп.
Мітрапаліт Кандрусевіч дадаў, што Бог чакае, «што мы падрыхтуемся да Яго прыйсця».
«Ён прыходзіць не ў Бэтлеем, а ў нашы сэрцы. Заўтра распачынаецца сёння, і яно належыць тым, хто рыхтуецца да яго загадзя. Калі мы гэтым грэбуем, то тым самым адмаўляемся ад перспектывы шчаслівага заўтра. Таму выкарыстаем час Адвэнту належным чынам, каб ён прывёў нас да шчырай радасці ў Пану», — заключыў арцыбіскуп.
На завяршэнне Імшы з прывітальным словам да моладзі звярнуўся і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Іерарх нагадаў, што асабліва ў час Адвэнту кожны хрысціянін павінен быць «дзіцём радасці, прапаведнікам і носьбітам супакою і радасці».
Арцыбіскуп Пінтэр прывёў словы апостала Пятра: «Браты, заўсёды радуйцеся, і зноў кажу, радуйцеся. Няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас Божая воля ў Езусе Хрысце. Духа не гасіце...»
«Мы павінны падняць факел радасці вышэй хмар смутку і расчаравання. Але як гэта зрабіць, калі жыццё прыносіць шмат выпрабаванняў, цяжкасцяў, хвароб, спакус і гэтак далей? Што ж рабіць у такіх выпадках? Жыць без радасці? Вядома, не. Трэба чэрпаць радасць не з часовага і прамінальнага, але з патаемнай і невычэрпнай крыніцы — радасці Бога, якая жыве ў нашых сэрцах», — заключыў Апостальскі Нунцый.
У завяршэнне прамовы іерарх пажадаў моладзі «поўнага надзеі Адвэнту і радаснага Божага Нараджэння».
«Няхай Адвэнт, а з ім і ўсё нашае жыццё, заўсёды будзе радасным падарожжам. Няхай радасць будзе для кожнага з нас заданнем, служэннем і абавязкам сведчання», — пажадаў нунцый.
Завяршылася святая Імша дзяленнем аплаткай, пасля чаго распачалася другая частка чування з адарацыяй, Ружанцам, канферэнцыяй, сцэнкай і інш.