Пошук

24.12.2017 10:48   Catholic.by

Мінскі архікатэдральны касцёл, 24 снежня 2017 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія радыёслухачы!

1. Сардэчна вітаю вас з мінскай архікатэдры ў апошнюю, IV нядзелю Адвэнту і адначасова ў апошні дзень гэтага перыяду ласкі. Маючы на ўвазе тое, што сёлетні Адвэнт самы кароткі, ужо сёння позна вечарам падчас Пастэркі мы заспяваем той самы гімн, які спявалі анёлы пры нараджэнні Езуса: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі”. Гэтым самым мы духоўна перанясёмся ў Бэтлеем, дзе 2 тысячы гадоў таму Слова сталася целам дзеля нас і нашага збаўлення.

Час які мы перажываем – гэта асаблівы час, час здзіўлення, радасці і цудаў. Набліжаецца Божае Нараджэнне, яно ўжо тут, ужо стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Святкаванне Калядаў звязана з многімі народнымі традыцыямі, сярод якіх спевы калядак, тэатральныя прадстаўленні, калядаванне, сямейныя ўрачыстасці, святочныя вечарыны і, вядома, падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці.

2. За Калядамі ідзе Новы год, і напрыканцы года, які завяршаецца, падводзяцца яго вынікі. Сродкі масавай інфармацыі абвяшчаюць найбольш папулярных палітыкаў, артыстаў, спартсменаў, тэатральныя пастаноўкі, фільмы, імёны і г.д.

Мы, як веруючыя, з гэтай нагоды павінны запытацца: а які сказ ці думка Святога Пісання для нас з’яўляюцца найбольш важнымі? Напэўна, кожны з нас мае свае сваё асабістае меркаванне і стаўленне да такога пытання. Аднак здаецца, што найлепшым адказам з’яўляюцца словы Марыі з сённяшняга Евангелля пра Звеставанне. Гэта Яе словы, якія захапляюць дух: “Няхай мне станецца паводле твайго слова”.

Яны сталі адказам на прынесеную арханёлам Габрыэлем звестку аб тым, што Бог выбраў Марыю быць Маці Збаўцы. Яны адкрываюць дзверы магчымасці для кожнага чалавека ўвайсці ў новыя адносіны з Богам. Яны змянілі гісторыю свету.

У сцэне Звеставання нас захапляе адна рэч. Гэта словы анёла: “Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Бога”. Можам сабе ўявіць стан Марыі. Каб нам анёл сказаў нешта падобнае, то які быў бы наш стан і адказ? Напэўна, мы трымцелі б са страху.

3. У мастацкім музеі ў Філадэльфіі ў Злучаных Штатах Амерыкі знаходзіцца незвычайны абраз сцэны Звеставання. Звычайна сцэна Звеставання прадстаўляе Марыю на каленях і з арэолам над Яе галавой. У філадэльфійскім абразе Яна прадстаўлена поўнай страху. Погляд Яе твару як быццам аслупянелы і няўпэўнены.

І гэта зразумела, бо здаецца, што Бог просіць у маладой і неадукаванай дзяўчыны немагчымага. Яе наведвае анёл і пытаецца, ці згодна Яна стаць Маці Збаўцы. Удумаемся толькі: справу збаўлення чалавека Бог абумоўлівае згодай таго ж чалавека. Ці гэта не парадокс?

Не, не парадокс. Гэта знак бязмежнай любові Бога да чалавека. Бог толькі прапануе, а чалавек прымае або не прымае гэтай прапановы. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што Марыя баялася, нават анямела, была ўражана і ашаломлена. У рэшце рэшт арханёл Габрыэль папрасіў Марыю адказаць на пытанне: дзейнічаць са страху ці згодна з верай і даверам да Бога?

4. У пэўным сэнсе мы таксама павінны адказаць на падобнае пытанне. Прычынай нашай недасканаласці нярэдка становіцца страх. Ён падобны да тэрарыста, які бярэ нас у палон. Гэта перадусім страх перад будучыняй, які з’яўляецца хваробай сучаснага свету.

Адказ Марыі змяняе ўсё. Дзякуючы яму “не” Евы ў раі перамяняецца ў “так” Марыі ў Назарэце. Гэтым самым Марыя прапанавала свету новую мадэль адносін чалавека з Богам, якая вядзе да шчасця.

Замест страху Марыя выбрала давер да Бога і гэтым самым стала свабоднай. Менавіта таму Яна з’яўляецца Маці нашай веры.

Мы таксама па прыкладзе Марыі павінны зрабіць тое ж самае. А менавіта з даверам, верай, надзеяй і любоўю прыняць Божую волю.

Вось чаму словы Марыі: “Няхай мне станецца паводле твайго слова” павінны быць галоўнай нашай думкай у вігілію Божага Нараджэння, якога не было б без іх. Яны з’яўляюцца ключом да пазнання таямніцы збаўлення і ключом да нашага шчасця. Амэн.

Абноўлена 26.12.2017 10:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа