Пошук

11.12.2017 11:50   Catholic.by

Мінская катэдра, 9 снежня 2017 г.

Рыхтуйце дарогу Пану, каб радасць ваша была поўнай

Глыбокапаважаная моладзь!

1. Яшчэ зусім нядаўна мы распачалі Адвэнт – час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і другога прыйсця Хрыста ў славе. На пачатку гэтага часу ласкі і збаўлення Хрыстус заклікаў нас да чування, каб у мітусні сучаснага свету мы не заблудзіліся і не сышлі з дарогі, якая дапамагае будаваць шчаслівае жыццё ў гэтым свеце і вядзе ў вечную радасць.

Евангелле другой нядзелі Адвэнту ўказвае на постаць св. Яна Хрысціцеля, які заклікае да выпроствання дарогі прыходзячаму Збаўцу. Гэта фундаментальнае заданне, якое стаіць перад намі, каб Хрыстус змог увайсці ў нашы сэрцы і каб нашы душы ўзвесяліліся ў Ім.

2. Пэўная гісторыя распавядае пра тое, як адзін са славутых прафесароў апынуўся на беразе возера і хацеў пераправіцца на другі яго бераг. Ён папрасіў уладальніка чаўна, і яны пачалі плысці. Калі адплылі даволі далёка ад берага, то прафесар пачаў задаваць чалавеку розныя пытанні. Ведаеш гісторыю? - Не. - Тады чацвёртая часта твайго жыцця страчана. Ведаеш астраномію? - Не. - Тады дзве чацвёртыя часткі твайго жыцця страчаны. Ведаеш філасофію? - Не. - Тры чвэрці твайго жыцця страчаны.

Нечакана падняўся моцны вецер. Човен калыхаўся на вадзе, як пачак ад запалак, здавалася, што ён можа патануць. Чалавек спытаў прафесара: умееш плаваць? - Не. - Тады страчана ўсё тваё жыццё.

3. У жыцці чалавека ёсць шмат прывабных і шырокіх шляхоў. На жаль, вельмі часта яны вядуць да духоўнай смерці, бо тое, што абяцаюць, не спаўняецца, а тое, што здаецца шчасцем, вельмі хутка ператвараецца ў няшчасце.

У той жа час ёсць адна адзіная дарога, якая вядзе да сапраўднага, а не ілюзорнага шчасця. Гэта Божая дарога. Таму мы не можам губляць з нашага позірку таго, што з’яўляецца самым важным.

4. “Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму, і кожны чалавек убачыць Божае збаўленне”. У Адвэнт мы чуем гэтыя словы св. Яна Хрысціцеля. Бог шануе свабоду кожнага чалавека і яго выбар. Таму, у пэўным сэнсе, усемагутны Бог такім не з’яўляецца. Ён не можа выраўняць дарог нашага жыцця і не можа ўчыніць так, каб яны вялі да Яго.

Гэтае заданне Ён пакінуў нам, нашым рашэнням і выбарам. Аднак Ён на нашым жыццёвым шляху ставіць знакі, якія ўказваюць напрамак нашага жыцця. Яны дапамагаюць нам зрабіць выснову, ці сапраўды ідзём у правільным напрамку. Можа, трэба змяніць напрамак нашага жыцця і адкрыцца на Божую любоў, гэта азначае на жыццё паводле Яго закону, і гэтым самым падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану.

5. Падчас гэтага адвэнтавага чування пастараемся адказаць на пытанне: “Што для нас значаць словы св. Яна Хрысціцеля?” Можа, як той прафесар, мы навучыліся вельмі важным і патрэбным у жыцці рэчам, але, акунуўшыся ў свой эгаізм, забыліся пра нашых блізкіх, аб іх матэрыяльных і духоўных патрэбах? Можа, фізічна знаходзімся дома ці блізка са знаёмымі, але духоўна пакінулі іх? Гэтым самым, можа, мы ім здрадзілі і пакінулі дзеля кар’еры, падазронага сяброўства, не заўсёды маральных задавальненняў, алкаголю, наркотыкаў і г.д.

Ці маем адвагу спытаць сябе: якой дарогай ідзём? Які шлях выбралі? Можа, скрыўлены, невыразны, на якім згубіліся, але нам бракуе адвагі прызнацца перад самімі сабой? Калі так, то неабходна навярнуцца, бо Адвэнт – вельмі адпаведны для гэтага час.

6. Калі мы спытаем людзей, з якой мэтай Езус прыйшоў у гэты свет, то адказы будуць розныя. Напрыклад, каб устанавіць мір, каб нас любіць, каб памерці за нашыя грахі, каб змагацца за справядлівасць і г.д.

Аднак сапраўдны адказ дае сам Езус і бярэ яго з прароцтва Ісаі. А менавіта, што Бог паслаў Езуса абвяшчаць добрую навіну ўбогім, перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведваць вызваленне палонным і вязням – свабоду, абвяшчаць год ласкі Пана.

У гэтых словах знаходзіцца мэта місіі Хрыста, заданнем якой з’яўляецца збаўленне чалавека, каб ён узрадаваўся і ўзвесяліўся ў Богу. Менавіта таму славай Бога з’яўляецца жывы чалавек, жывы не толькі целам, але і душой, каб у ім панавала радасць.

7. Калі пытаемся ў людзей, асабліва маладых, як яны сябе адчуваюць, то вельмі часта ў адказ можна пачуць: “добра” або “нядрэнна”. Але ў той жа час у іх вачах не бачна сапраўднай радасці. На твары смутак, апатыя і адсутнасць эмоцый.

Што сталася з чалавекам? Дзе тая радасць, аб якой нагадвае прарок Ісая?

Малады чалавек, запытайся ў сябе сёння: калі ты шчыра смяяўся апошні раз? Калі адчуваў сапраўдную радасць? Можа, прыгнятае цябе няправільна зразуметая рэлігійнасць і духоўнасць? Можа, ты сумны, бо табе не адпавядаюць Божыя запаведзі? Можа, думаеш, што Бог не даў табе столькі дароў, колькі даў іншым? Калі так, то ўслухайся ў словы св. апостала Паўла: ці ўсе з’яўляюцца апосталамі? Ці ўсе прарокамі? Ці ўсе настаўнікамі? Ці ўсе прамаўляюць рознымі мовамі? І г.д.

Трэба памятаць, што Бог дае нам столькі, колькі трэба для нашага шчасця і збаўлення. А найважнейшае тое, што Ён дае нам сябе самога. Бог адарыў нас адпаведнымі дарамі, якіх мы, можа, не заўважаем і не ацэньваем. Так ужо ёсць, што трава ў суседа заўсёды выглядае больш зялёнай, чым у нашым агародзе, і ўраджай яблыкаў у суседа лепшы, чым у нас, і г.д.

8. Адзін фермер шукаў людзей для працы на беразе Атлантычнага акіяна. У сувязі з тым, што частыя штормы перашкаджалі нармальна працаваць, вельмі цяжка было знайсці такіх людзей. Нарэшце прыйшоў адзін чалавек. Падчас размовы з фермерам ён сказаў, што можа спаць нават пры найбольшым шторме. Фермер не да канца зразумеў гэтыя яго словы, аднак прыняў на працу. Чалавек працаваў вельмі добра, і фермер быў задаволены.

Аднойчы ўначы распачаўся вялікі шторм, які пагражаў ферме. Фермер выскачыў на вуліцу і быў здзіўлены тым, што яго працаўнік не стараецца забяспечыць ферму ад знішчэння штормам. Ён знайшоў яго спячым і абазваў гультаём. На што працаўнік адказаў, што спіць спакойна, бо загадзя забяспечыў ферму ад разбурэння штормам. Толькі тады фермер зразумеў значэнне слоў працаўніка, што той можа спакойна спаць нават падчас шторму.

9. Сучасны свет напоўнены рознымі амаральнымі штормамі, якія негатыўна ўплываюць на чалавека. Ці падрыхтаваны мы супрацьстаяць ім? Быць падрыхтаваным азначае быць гатовым перад тым, як распачнецца акцыя.

Да такой практыкі нас вядзе Бог. Перад тым, як стварыць жывёл, рыб і расліны, Ён падрыхтаваў зямлю і мора. Перад стварэннем чалавека Ён падрыхтаваў райскі сад. Святое Пісанне паказвае, што перад кожнай новай Божай акцыяй адбывалася адпаведная боская падрыхтоўка.

Перад тым, як яўрэі выйшлі з Егіпта, Бог падрыхтаваў іх адпаведным чынам. Прарок Ісая быў падрыхтаваны Богам перад тым, як распачаў сваю місію. Бог падрыхтаваў наша збаўленне праз Уцелаўленне Божага Сына.

10. Святы Ян Хрысціцель заклікае да падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу. Дарогай з’яўляецца наша сэрца, якое азмрочана горамі і пагоркамі граху, непаслухмянасці, адсутнасці любові і іншых хрысціянскіх цнотаў. Такая дарога вядзе не да Бога, але ад Яго.

Прарок кажа нам нівеліраваць горы і пагоркі граху, а гэта азначае змяніць жыццё, бо толькі тады ў паўнаце праявіцца Божая слава.

На жаль, у наш час многія людзі замест таго, каб святкаваць Божае Нараджэнне, святкуюць саміх сябе, бо камерцыялізацыя святаў змяняе яго сапраўдны сэнс. Мы схільныя святкаваць святы Божага Нараджэння, але не заўсёды схільныя ўзяцца за духоўнае будаўніцтва дарог, па якіх Збаўца прыходзіць у нашы сэрцы.

Ведаеш, малады чалавек, матэматыку? Ведаеш фізіку? Ведаеш хімію? Ведаеш гісторыю? Ведаеш геаграфію? І г.д. Спадзяюся, што ведаеш. Але ці ведаеш і будуеш дарогу, па якой Езус прыйдзе ў тваё сэрца?

Адкажы на гэта пытанне, адкажы як мага хутчэй.

Бог чакае, што мы падрыхтуемся да Яго прыйсця, бо цяпер Ён прыходзіць не ў Бэтлеем, але ў нашы сэрцы. Заўтра распачынаецца сёння, і яно належыць тым, хто рыхтуецца да яго загадзя. Калі мы гэтым грэбуем, то тым самым адмаўляемся ад перспектывы шчаслівага заўтра. Таму выкарыстаем час Адвэнту належным чынам, каб ён прывёў нас да шчырай радасці ў Пану. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця