У пачатку снежня ў Ляскоўцы пад Мінскам прайшлі рэкалекцыі для сужэнцаў на тэму «Не пазбягайце адно аднаго…», які арганізавалі святары і сямейныя пары руху «Сужэнскія сустрэчы».
Пра тэму
Тэма была абрана не выпадкова. З аднаго боку, сексуальная сфера кожнага сужэнства — гэта пэўная таямніца, а з другога — адна з найважнейшых сфер у сямейных адносiнах, ад якіх залежыць якасць адносін мужа і жонкі ва ўсіх іншых сферах іх жыцця.
Ці варта яе падымаць? Так! На думку ўдзельнікаў, актуальнасць гэтай тэмы складана перабольшыць.
У гэта цяжка паверыць, але сексуальная сфера сужэнства з’яўляецца вельмі важным месцам для дыялога мужа і жонкі, іх слоў, цел і адносін.
На працягу гэтых трох дзён прыйшло разуменне сужэнскай блізкасці як сапраўднага дару, дзе кожны сужэнец пастаянна вучыцца быць дарам для сваёй каханай (каханага) і адначасова вучыцца прымаць гэты дар любові.
Быць дарам… Як жа прыгожа гэта гучыць. Радуе слых. Але як жа цяжка гэта здзейснiць у штодзённай мітусні, бясконцых абавязках і звыклым стылі паводзін.
Са слоў удзельнікаў рэкалекцый
«На рэкалекцыях мне прыйшлося папрацаваць з унутранай “устаноўкай”: муж павінен старацца для мяне, быць прадбачлівым, павінен адчуваць мяне... Я ж жанчына... Далікатная і пяшчотная.
З гэтага ланцужка я так часта выключаю сябе: а як я сама клапачуся аб ім у гэтай інтымнай сферы нашага жыцця? Як раблюся зразумелай для яго? Што стараюся зрабіць для мужа? Часта нават адчуваю пачуццё віны, што зусім не паклапацілася аб ім. І ці з’яўляюся тады сапраўдным дарам любові для свайго мужа?»
«Кожны павінен штосьці змяніць у сабе, каб сексуальная сфера сужэнства зайграла новымі фарбамі»
«Для мяне адказнасць за сексуальнае жыццё нашага сужэнства ў першую чаргу звязана з клопатам пра жонку. Менавіта з яго ўсё пачынаецца. Немагчыма адкінуць яе мітусню вакол сям'і і дзяцей, немагчыма не прымаць пад увагу яе эмацыйнае напружанне на працягу дня і мноства іншых фактараў, якія не дазваляюць у адзін момант пераключыцца на блізкасць і спазнаць радасць ад гэтай таямніцы.
Сваёй задачай бачу клопат пра нашу жарсць: прыемныя словы на працягу дня, перайманне хатніх спраў на сябе, усмешка і прыемныя словы, абдымкі і падбадзёрванні на працягу дня. Якраз тады, калі пачынаю клапаціцца пра яе, станаўлюся сапраўдным дарам любові для сваёй каханай».
Вялікую ролю ў дасягненні мэты «быць дарам любові для сужэнца» адыгрывае якасны дыялог, дзе мы стараемся пачуць адно аднаго і падзяліцца той прасторай, дзе нашы патрэбы, пачуцці і тэмпераменты праяўляюцца асаблівым чынам.
Тут шмат працы для нас абаіх. Кожны мае штосьці змяніць у сабе, каб сексуальная сфера нашага сужэнства зайграла новымі прыгожымі фарбамі..
Блізкасць як вянец стасункаў
Вельмі важным было разуменне, што сужэнская блізкасць — гэта вянец нашых адносін як мужа і жонкі, якую мы атрымалі ад Бога. І калі гэтыя адносіны маюць пэўныя цяжкасці або абцяжараны грахом, то няма месца для гэтага вянца. Куды яго тады ўскласцi? І ці сапраўды годныя мы гэтага вянца? Ці гатовыя мы годна прыняць яго i карыстацца як Божым дарам?»
Большасць духоўных разважанняў на гэтую тэму грунтаваліся на словах з Першага паслання ап. Паўла да Карынцянаў (пар 1 Кар 7, 3-5):
«Няхай муж аддае сваёй жонцы належную прыхільнасць, гэтаксама і жонка мужу. Жонка не мае ўлады над сваім целам, а муж; гэтаксама і муж не мае ўлады над сваім целам, а жонка. Не ўліхяйцеся адно ад аднаго, хіба што па згодзе, на час, каб быць у посце і малітве, а потым зноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана няўстрыманнем вашым».
Ад удзельнікаў: «Я аднавіў пачуццё прыгажосці маёй каханай»
«У сваёй сям’і мы прыйшлі да высновы, што вельмі часта сутыкаемся з цяжкасцямі ў тым, каб падзяліцца сваімі пачуццямі ў сферы сексуальных адносін.
Шмат застаецца ўнутры, за кадрам… Прычым змоўчваем і тое, што прыемнае, і тое, чым падзяліцца цяжэй. Але апостал Павел падказвае нам праз гэты ўрывак, што ўхіляемся адно ад аднаго мы па ўзаемнай згодзе. А як атрымаць гэтую згоду? Як зрабіць яе ўзаемнай?
Няма нічога лепшага за шчыры дыялог. Дыялог, у якім мы набіраемся смеласці і штодня вучымся дзяліцца пачуццямі і перажываннямі, дзе ў кожнай сітуацыі стараемся стаць больш зразумелымі, чулымі і ахвярнымі адно да аднаго.
Вельмі цешуся, што на працягу рэкалекцый Дух Святы натхніў мяне адкрыта дзяліцца, і я вельмі стараўся адкрыць для жонкі свой унутраны свет у гэтай важнай сферы нашага сямейнага жыцця.
Што цікава — праз гэтае ўласнае сведчанне я аднавіў у сабе пачуццё шматграннай прыгажосці маёй каханай, аднавіў свае адносіны да яе. Ужо другі дзень пасля рэкалекцый маё сэрца напоўнена асаблівай пяшчотай да яе. Маю вялікае прагненне клапаціцца аб ёй, дарыць самога сябе.
Здаецца, вакол нічога не змянілася: той самы распарадак дня, тыя самыя клопаты і абавязкі… Але пачуцці іншыя: свежыя, абноўленыя, нават самога сябе грэюць (усміхаецца — заўв. аўт.). Я з вялікай радасцю буду вучыцца годна прымаць вянец нашых адносін!»
«Я вучуся давяраць мужу сваё жыццё і жыццё сям’і»
«Вельмі важнай стала для нас глыбокая духоўная падтрымка святароў, без якой усе разважанні на тэму не мелі б такога паўнавартаснага сэнсу.
Штодзённая святая Імша, чуванне перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, сакрамэнт пакаяння і духоўная медытацыя дазволілі глыбока адкрыцца на дзеянне Святога Духа і заўважыць у сабе тое, што патрабуе далейшай працы і намаганняў.
Не абышлося і без сюрпрызаў. Майстар-клас па танцах узрушыў прыемныя пачуцці і дазволіў адчуць еднасць адносін у рытме вальсу. Гэта было своеасаблівым перажываннем блізкасці, падтрымкі і адпачынку. Вальс патрабаваў ад жанчын даверу да сваіх мужоў, бо менавіта ад іх залежыў напрамак і рытм…
Усё, як у рэальным жыцці, дзе муж на чале сям’і, а я вучуся яму давяраць… Давяраць сябе, сваё жыццё і жыццё нашай сям’і».
Напоўненыя пачуццямі надзеі, падзякі і ўпэўненасці, а таксама ўзяўшы пэўныя пастановы для далейшай працы над сваімі адносінамі, сем’і з руху «Сужэнскія сустрэчы» распачалі Адвэнт.
Бліжэйшыя рэкалекцыі для сужэнцаў ад руху «Сужэнскія сустрэчы» пройдуць у Баранавічах і Оршы 8-10 снежня. Запісацца можна ТУТ››