Пошук

03.12.2017 15:46   Catholic.by

3 і 4 снежня ў касцёле св. Станіслава і ў Дзяржаўным музеі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу праходзіць міжнародная гісторыка-краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная Магілёўскаму Мітрапаліту арцыбіскупу Вінцэнту Ключынскаму.

У 2017 годзе прыпадае 100-годдзе кс. Вінцэнта (1847-1917), які ў 1889 годзе заснаваў у Вільнюсе бесхабітовую Супольнасць сясцёр ад Анёлаў (сясцёр аняланак).

У канферэнцыі разам з генеральнай настаяцельніцай прымаюць удзел 12 сясцёр з Польшчы, Расіі, Украіны, Беларусі і Літвы.

Сваё прывітальнае слова да ўдзельнікаў канферэнцыі скіраваў і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Як адначыў іерарх, імя Вінцэнта Ключынскага запісана ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Расіі і ў Беларусі як 13-га Магілёўскага Мітрапаліта, які нёс тут служэнне ў 1910-14 гг.

Служэнне ўраджэнца в. Шаркаўшчына на Віцебшчыне прыпала на няпросты час — Першую сусветную вайну і праяўленні антырэлігійных і атэістычных тэндэнцый. Усё гэта патрабавала ад Мітрапаліта Вінцэнта Ключынскага не толькі дыпламатычнага мастацтва, але і пошуку шляхоў у вырашэнні штодзённых праблем, абароны правоў вернікаў і захавання вучэння Касцёла.

«У гісторыю Паўсюднага Касцёла святар увайшоў таксама як заснавальнік жаночай манаскай Кангрэгацыі сясцёр ад Анёлаў, — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Асноўнай іх харызмай з’яўляецца дапамога святарам у пастырскай дзейнасці, калі яны ў гэтым абмежаваны. Сёстры таксама займаюцца катэхізацыяй дзяцей, моладзі і дарослых, нясуць служэнне ў бальніцах».

Паводле слоў іерарха, манахіні Кангрэгацыі, несучы служэнне без манаскага габіта, адыгралі вялізную ролю ў жыцці Касцёла, як у царскія часы, так і падчас ганенняў на Касцёл.
Іерарх згадаў, што вернікі з Магілёва да сёння з удзячнасцю ўзгадваюць сясцёр ад Анёлаў, якія ў савецкія часы ваюючага атэізму падтрымлівалі агеньчык веры у горадзе над Дняпром, які на тыя часы заставаўся без пастырскай апекі.

«Гэта дзякуючы іх ахвярнаму служэнню падпольная рака веры ў часы атэізму не высахла і пасля атрымання свабоды веравызнання вырвалася вонкі, каб адраджаць слаўныя каталіцкія традыцыі Магілёва», — заключыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Іерарх таксама дадаў, што католікі Беларусі ў гэтыя дні духоўна яднаюцца з удзельнікамі канферэнцыі і моляцца аб яе поспеху.

Абноўлена 04.12.2017 08:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа