Пошук

16.09.2024 10:09   Тэкст і фота: Карына Вальшонак / Catholic.by

У нядзелю 15 верасня, калі адзначаецца ўспамін Маці Божай Балеснай, у касцёл святога Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) была ўрачыста ўнесена рэпліка гістарычнага абраза Маці Божай Навагрудскай, якую называлі Замкавай.

Унясеннне і благаслаўленне іконы адбылося ў межах святкавання 400-гадовага юбілею касцёла.

У старадаўнія часы ў Наваградку існавала некалькі абразоў Маці Божай, але толькі адзін з іх быў «Замкавы», таму што першапачаткова ён знаходзіўся ў Замкавай святыні, пабудаванай яшчэ тады, калі горад быў рэзідэнцыяй Гедыміна (да 1323 года), альбо пры яго сыне Карыяце, якому належала Наваградскае ўдзельнае княства.

Паводле летапісных звестак, абраз Наваградскай Маці Божай быў спісаны з выявы Ялецка-Чарнігаўскай Багародзіцы і прывезены ў Наваградак у 1138 (1139) годзе вялікім князем кіеўскім Яраполкам, праўнукам вялікага князя Яраслава Мудрага. У XIV стагоддзі абраз быў вывезены крыжакамі, але потым вернуты ў горад. Пасля разбурэння Наваградскага замка і ператварэнне Замкавай гары ў сметніцу абраз доўгі час абраз захоўваўся ў Барысаглебскай царкве. У 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, калі адбывалася эвакуацыя каштоўнасцяў, абраз быў вывезены ў Расію, дзе яго след цалкам згубіўся.

Рэпліка легендарнай іконы, якую Адам Міцкевіч згадвае ў сваёй славутай паэме «Пан Тадэвуш», была створана на падставе навуковых пошукаў гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў. Работы над іконай праводзіліся на працягу некалькіх месяцаў мастаком і іканапісцам Ганнай Сафронавай.

Як адзначыў пробашч навагрудскай парафіі святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын, стварэнне рэплікі гістарычнай іконы з’яўляецца спробай вярнуць Навагрудку страчаную хрысціянскую спадчыну.

Цяпер ёсць магчымасць ушанавання абраза Маці Божай Замкавай вернікамі, пасля чаго ён будзе змешчаны ў алтары бочнай навы касцёла святога Арханёла Міхала.

 

Абноўлена 16.09.2024 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця