8 лютага ў Навагрудку адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця барэльефа Адама Міцкевіча і мемарыяльнай дошкі на месцы былой дамініканскай гімназіі, дзе вучыўся паэт. У цырымоніі ўзялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і ўраджэнец Навагрудчыны біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
На падмурку былой дамініканскай гімназіі цяпер знаходзіцца рэкалекцыйны дом пры парафіі святога Міхала Арханёла.
Менавіта на яго сценах змешчана мемарыяльная дошка побач з нядаўна адшуканым і адноўленым барэльефам слаўнага сына навагрудскай зямлі.
Як паведаміў партал Grodnensis.by, ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел прадстаўнікі духавенства і мясцовых уладаў, у тым ліку старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Федчанка, а таксама Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк і шмат гасцей з нашай краіны і з замежжа.
Пробашч навагрудскай парафіі святога Міхала Арханёла кс. Юрый Жэгарын на пачатку цырымоніі адзначыў, што адноўлены на фундаменце дамініканскай школы будынак стане прыцягальным месцам для ўсіх, каму блізкая творчасць Адама Міцкевіча.
Святар нагадаў, што ў гэтай школе малады Міцкевіч правёў каля пяці гадоў.
Будучы паэт не толькі тут вучыўся, але і штодзённа маліўся ў касцёле святога Міхала разам з іншымі вучнямі. Пробашч дадаў, што айцы дамінікане заклалі добры духоўны падмурак асобы Міцкевіча і што менавіта ў тыя часы ён зрабіў першыя спробы напісання паэтычных твораў. Безумоўна, гэты этап яго жыцця меў выразны ўплыў на далейшае развіццё яго таленту.
Пасля таго, як іерархі разам з прадстаўніком улады адкрылі мемарыяльную дошку і барэльеф, а запрошаныя лектары пазнаёмілі прысутных з дзейнасцю дамініканаў у Беларусі, кульмінацыйным момантам урачыстасці стала святая Імша, якая ўпершыню цэлебравалася ў новай капліцы рэкалекцыйнага дома.
Пры гэтым капліца была асвячана пад тытулам Святога Духа.
Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, а гамілію прамовіў біскуп Антоні Дзям’янка, які шмат гадоў служыў у горадзе Міцкевіча і дзякуючы якому касцёл святога Міхала быў вернуты католікам.
Капліца ў рэкалекцыйным доме, пабудаваным на падмурку міцкевічавай гімназіі, стане месцам малітвы для ўсіх удзельнікаў рэкалекцый і дзён засяроджання, а таксама для тых, хто будзе наведваць памятныя месцы Навагрудка.