У Саборнай мячэці ў Мінску прайшла ўрачыстасць «620 гадоў у міры і згодзе. Гістарычныя лёсы татар Беларусі», у якой па запрашэнні Муфція Абу-Бекіра Шабановіча прынялі ўдзел Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і Апостальскі Нунцый у Беларусі Габар Пінтэр.
Удзельнікамі ўрачыстасці сталі таксама кіраўнікі мусульманскіх абшчын і нацыянальна-культурных аб’яднанняў, духоўных упраўленняў мусульман Турцыі, Літвы, Польшчы, Расійскай Федэрацыі і дыпламатычнага корпуса.
«Для нас вельмі важна паказаць грамадскасці нашай краіны і замежжа як продкі беларускіх татар-мусульман у спрыяльным хрысціянскім асяроддзі на працягу шасці вякоў гісторыі сфарміравалі адзіную для ўсіх талерантнасць, узаемапавагу і давер, чым і сёння вядомае наша беларуская грамадзянская супольнасць», — адзначае старшыня Мусульманскага рэлігійнага Аб’яднання Муфцій Абу-Бекір Шабановіч.
У гэты дзень у Саборнай мячэці была адкрыта памятная дошка, а таксама прайшоў круглы стол «Гістарычныя лёсы мусульман Беларусі: роля ісламскага фактару ва ўмацаванні стабільнасці грамадскага развіцця».
Апостальскі нунцый: «Мы павінны прызнаваць і паводзіць сябе як браты»
Арцыбіскуп Габар Пінтэр, выступаючы з прывітальным словам, адзначыў, што жыхары беларускай зямлі, якія адзначаліся верацярпімасцю, талерантнасцю і згодай, на працягу шасці стагоддзяў здолелі захаваць аблічча Бога нязменным.
«Як хрысціяне і мусульмане мы з’яўляемся братамі. Мы павінны прызнаваць сябе такімі і паводзіць сябе як браты», — нагадаў іерарх.
Апостальскі нунцый заўважыў, што хрысціяне, мусульмане і члены традыцыйных рэлігій жылі разам у свеце на працягу многіх гадоў. «Таму мы павінны захоўваць адзінства, каб спыніць любыя дзеянні, як з аднаго, так і з другога боку, якія скажаюць аблічча Бога».
«Я спадзяюся, што і надалей нашы малівы і супольная праца, накіраваныя на ўстанаўленне адносін братэрства і салідарнасці, будуць прыносіць багаты плён і даваць як жыхарам нашай краіны, так і ўсяго свету», — дадаў арцыбіскуп Пінтэр.
Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Мы павінны цаніць добрыя міжканфесійныя і міжэтнічныя адносіны»
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што каталіцтва з павагай ставіцца да ісламу — яго вызнаўцы праслаўляюць аднаго Бога.
«Яны ўшаноўваюць Хрыста як прарока і яго Маці Марыю. Цэняць маральнае жыццё і пакланяюцца Богу, асабліва праз малітву, міласціну і пост. ІІ Ватыканскі Сабор заклікае ўсіх забыць мінулае і падтрымліваць на карысць усяго чалавецтва сацыяльную справядлівасць, маральныя каштоўнасці, спакой і свабоду. Такім чынам Сабор заклаў новы падмурак дыялогу паміж каталіцызмам і ісламам».
Іерарх адзначыў, што ў час, напоўнены крызісамі, у тым ліку і ў галіне адносін паміж рознымі веравызнаннямі,
«людзі ўсё больш разумеюць неабходнасць дыялогу і талерантнасці як паміж дзяржавамі, эканамічнымі сістэмамі, культурамі, так і міравымі рэлігіямі».
«Галоўная маса праблем сучаснага свету ўзнікае па прычыне духоўнага вакууму. Таму мы, у Беларусі, павінны цаніць добрыя міжканфесійныя і міжрэлігійныя адносіны, якія з’яўляюцца нашым нацыянальным багаццем, і далей іх развіваць з мэтай сумесна адказваць на выклікі сучаснасці і адраджаць духоўнасць нашага народа», — заклікаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.