Пошук


23 лістапада ў капліцы св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы прайшла чарговая пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якую традыцыйна ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі падчас Імшы іерарх узгадаў найбольш важныя падзеі ў жыцці Касцёла ў Беларусі за апошні год: юбілей фацімскіх аб’яўленняў, перэгрынацыю фігуры Маці Божай Фацімскай, Пленарнае пасяджэнне РКБЕ, а таксама ўстанаўленне Мінскага катэдральнага капітула.

«За гэтыя і іншыя падзеі мы павінны дзякаваць Богу, прасіць прабачэння, можа, за не да канца добра выкарыстаныя магчымасці і на парозе новага літургічнага года прасіць благаслаўлення, каб ён быў больш плённым», — адзначыў Мітрапаліт.

Разважаючы над тэкстамі чытанняў, арцыпастыр падкрэсліў, што яны таксама натхняюць нас да падзякі Богу за магчымасці, якія Ён адкрывае.

Падобна як габрэі з першага чытання паводле Першай кнігі Макабэяў не зракліся сваёй веры, хоць ім прапаноўвалі золата і іншыя багацці, гэтаксама і беларускія хрысціяне ў часы пераследу не здрадзілі Езусу. Аднак зараз, паводле слоў іерарха, у грамадстве існуе іншае выпрабаванне — выпрабаванне багаццем і абсалютнай свабодай.

«Ці Езус, які стаіць перад брамамі нашага беларускага Ерузалема, не плача, бо ворагі цнатлівага і маральнага жыцця набліжаюцца ўсё бліжэй? Так, што ў пэўным сэнсе мы зноў вяртаемся ў 1917 г., толькі ўжо ў выданні XXI стагоддзя», — заўважыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле арцыбіскупа, нельга казаць пра духоўнае адраджэнне ў поўным значэнні гэтага слова без «новага адкрыцця багацця Евангелля, згодна з выклікамі нашага часу».

«Каб справа евангелізацыі была эфектыўнай, трэба распачаць з пытання да сябе самога — біскупа, святара, кансэкраванай асобы і свецкага чалавека: “Мая прыналежнасць да Хрыста з’яўляецца крыніцай радасці і гонару, ці, можа, толькі сумневу і збянтэжання?» — падкрэсліў іерарх.

Важнай, паводе Мітрапаліта, таксама з’яўляецца мова, якой мы абвяшчаем Евангелле. Яна павінна быць сучаснай і зразумелай, «інакш мы рызыкуем мець хрысціян, якіх з хрысціянствам злучае толькі пасведчанне аб хросце, а не рэальнае хрысціянскае жыццё».

«Напрыканцы літургічнага года зробім рахунак сумлення, як мы выконваем нашы святарскія, манаскія і проста хрысціянскія абавязкі, каб замест пагрозы, аб якой кажа Хрыстус у сённяшнім Евангеллі, мы атрымалі Яго благаслаўленне», — заключыў іерарх.

 

Абноўлена 24.11.2017 08:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.