Пошук

17.11.2017 13:53   Catholic.by

17 лістапада ў Акадэміі навук Літвы адбылося адкрыццё Скарынаўскіх чытанняў-2017 «Кніжная традыцыя Вялікага княства Літоўскага», прысвечаных юбілею 500-годдзя беларускага кнігадрукарства. У цырымоніі адкрыцця мерапрыемства прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У сваім слове да прысутных беларускі іерарх нагадаў, што 2017 год пазначаны шматлікімі юбілеямі, якія тым ці іншым чынам звязаны як з Беларуссю, так і з Літвой.

«500 гадоў таму наш славуты зямляк – сын беларускай зямлі Францішак Скарына – выдаў Псалтыр, як першую друкаваную кнігу на ўсходнеславянскіх землях. Гэтая дата лічыцца датай выдання Бібліі на беларускай мове. 500 гадоў таму распачалася Рэфармацыя, якая стала пачаткам падзелу ў свеце заходняга хрысціянства. Сёлета мы з вялікім смуткам успамінаем 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адмовіўшыся ад духоўных асноў і падпарадкоўваючы маральнасць пануючай ідэалогіі, яна прывяла да трагедыі, якую перажыў Савецкі Саюз, калі ў імя “пабудовы светлай будучыні” апраўдвалася несправядлівасць. Таксама 100 гадоў таму ў Фаціме аб’явілася Божая Маці. Тады, на другім канцы Еўропы, Марыя, прадказваючы пераслед веры і ганенні на Касцёл, якія сапраўды мелі месца ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі, дала надзею на духоўнае адраджэнне, сведкамі і ўдзельнікамі якога мы з’яўляемся», – сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Краіны былога Савецкага Саюза атрымалі свабоду веравызнання, што дало новыя магчымасці для развіцця розных веравызнанняў. Дзякуючы гэтаму розныя канфесіі могуць свабодна адзначаць юбілей 500-годдзя першага выдання Бібліі на беларускай мове, аб чым яшчэ зусім нядаўна мы не моглі нават марыць», – дадаў Мітрапаліт.

Іерарх адзначыў, што юбілей беларускага кнігадрукарства «шырока адзначаецца не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету, асабліва звязаных з іменем і дзейнасцю нашага земляка». Каталіцкі Касцёл у Беларусі прымае ў гэтым працэсе актыўны ўдзел, як таксама Праваслаўная Царква, пратэстанцкія супольнасці, дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі.

«Жыццё нашага славутага суайчынніка цесна звязана з Вільняй. Каля 1520 года ён пераехаў у сталіцу Вялікага княства Літоўскага, дзе выконваў функцыі сакратара віленскага біскупа Яна, заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню і пачаў кнігадрукаванне. Тут ён выдаў “Малую падарожную кніжку”, якая ўключае ў сябе Псалтыр і многія рэлігійныя тэксты, і “Апостала”», – нагадаў арцыпастыр.

Па словах Мітрапаліта Кандрусевіча, Скарынаўскія чытанні «арганічна ўпісваюцца ў сусветнае святкаванне юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Францішкам Скарынам і з’яўляюцца знакам пашаны да выдатнага сына нашага народа».

«Выданне першай друкаванай кнігі ў тыя часы ва Усходняй Еўропе было нечым большым за тэхнічны прарыў, бо пэўныя пастановы з Бібліі ўвайшлі ў заканадаўства Вялікага княства Літоўскага, якое ў тыя часы перажыла вялікі духоўны ўздым, – заўважыў арцыбіскуп. – Божы Провід распарадзіўся так, што Францішак Скарына выдаў Псалтыр 6 жніўня 1517 г. – у свята Перамянення Пана. Біблія – гэта вечна жывое і дзейснае Божае слова, якое дадзена нам з мэтай нашага духоўнага перамянення. Скарына падарыў свайму народу самае каштоўнае, што можа быць – Біблію на роднай мове, каб людзі яе разумелі, вывучалі і перамянялі сваю жыццё».

«Для нашага земляка першасным было не стаць слаўным першадрукаром на ўсходніх землях, але выдаць Біблію на зразумелай для людзей таго часу мове, каб людзі яе чыталі і з яе бралі лекі для душы і цела, як казаў сам Скарына.

Гэта вельмі важна для сучаснага чалавека, які адракаецца ад Бога і ставіць сябе на Яго месца. Ён сам устанаўлівае этычныя нормы, паводле якіх жадае жыць. У выніку чаго свет перажывае шмат праблем і крызісаў і не ведае, як з іх выйсці. Таму Біблія, як кніга Божай мудрасці, ізноў павінна стаць настольнай кнігай кожнага хрысціяніна, бо кожны яе сказ з’яўляецца крыніцай Божай мудрасці», – падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт выказаў надзею, што віленскія Скарынаўскія чытанні «не толькі паспрыяюць далейшай папулярызацыі беларускага першадрукара, але таксама дадуць новы імпульс для вывучэння Бібліі і жыцця паводле прадстаўленых у ёй маральных прынцыпаў, каб на іх падмурку мы будавалі нашу будучыню».

Абноўлена 17.11.2017 14:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.