Пошук

17.11.2017 13:59   Catholic.by

Акадэмія навук Літвы, 17 лістапада 2017 г.

Глыбокапаважаныя спадары і спадарыні, браты і сёстры!

Найперш дазвольце сардэчна вас прывітаць і падзякаваць за запрашэнне прыняць удзел у прысвечаных юбілею 500-годдзя беларускага кнігадрукарства Скарынаўскіх чытаннях.

2017 Год Панскі пазначаны шматлікімі юбілеямі, якія тым ці іншым чынам звязаны як з Беларуссю, так і з Літвой і з якіх хацелася бы адзначыць наступныя.

500 гадоў таму наш славуты зямляк – сын беларускай зямлі Францішак Скарына – выдаў Псалтыр, як першую друкаваную кнігу на ўсходнеславянскіх землях. Гэтая дата лічыцца датай выдання Бібліі на беларускай мове.

500 гадоў таму распачалася Рэфармацыя, якая стала пачаткам падзелу ў свеце заходняга хрысціянства.

Сёлета мы з вялікім смуткам успамінаем 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адмовіўшыся ад духоўных асноў і падпарадкоўваючы маральнасць пануючай ідэалогіі, яна прывяла да трагедыі, якую перажыў Савецкі Саюз, калі ў імя «пабудовы светлай будучыні» апраўдвалася несправядлівасць.

Таксама 100 гадоў таму ў Фаціме аб’явілася Божая Маці. Тады, на другім канцы Еўропы, Марыя, прадказваючы пераслед веры і ганенні на Касцёл, якія сапраўды мелі месца ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі, дала надзею на духоўнае адраджэнне, сведкамі і ўдзельнікамі якога мы з’яўляемся.

Падзеі канца васьмідзясятых і пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя паказалі, што вялікі, магутны і непарушны, як сцвярджалі камуністычныя ўлады, Савецкі Саюз на самой справе такім не быў і разваліўся, як картачны домік. Фацімскае прароцтва, стогадовы юбілей якога сёлета адзначае свет, прывяло да фундаментальных змен у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Бог яшчэ раз паказаў, што Ён, а не хтосьці іншы, з’яўляецца Валадаром свету, што Ён, а не хтосьці іншы, ставіць апошнюю кропку над «і», што Ён, а не хтосьці іншы, піша проста на пакручастых лініях гісторыі.

Краіны былога Савецкага Саюза атрымалі свабоду веравызнання, што дало новыя магчымасці для развіцця розных веравызнанняў. Дзякуючы гэтаму розныя канфесіі могуць свабодна адзначаць юбілей 500-годдзя першага выдання Бібліі на беларускай мове, аб чым яшчэ зусім нядаўна мы не моглі нават марыць, бо рэлігія афіцыйнымі ўладамі лічылася опіумам для народа, а Біблію цяжка было знайсці нават са свечкай. Шчаслівы быў той, хто яе меў. Як бясцэнная кніга, яна перадавалася з рук у рукі і часам пад заслонай ночы яе чыталі.

Слаўны юбілей беларускага кнігадрукарства шырока адзначаецца не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету, асабліва звязаных з іменем і дзейнасцю нашага земляка. Каталіцкі Касцёл у Беларусі прымае ў гэтым працэсе актыўны ўдзел.

22-30 ліпеня гг. парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Друі ў Віцебскай дыяцэзіі правяла прысвечаны 500-м угодкам выдання Бібліі Францішкам Скарынам мастацкі пленэр «Скарынэр». Асаблівая ўвага гэтага мастацкага форума прысвячалася духоўнаму аспекту, які чэрпаўся з вобразу перакладчыка і першадрукара Бібліі на беларускую мову – Францішка Скарыны.

1 жніўня ў Кангрэгацыі айцоў марыянаў у Рыме з удзелам грэка-каталікоў Беларусі адбылося адмысловае абмеркаванне духоўнай спадчыны нашага суайчынніка Францішка Скарыны.

6 жніўня ў Мінску і Магілёве адбыліся дзве знакавыя і звязаныя са слаўным юбілеем выдання Бібліі на беларускай мове падзеі. Дата была выбрана невыпадкова. Менавіта 6 жніўня 1517 г. Скарына выдаў «Псалтыр».

У старажытнай магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава адбылася адмысловае святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

На адкрытай пляцоўцы каля касцёла свв. Сымона і Алены ў Мінску з удзелам прадстаўнікоў Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай Царквы, Праваслаўнай Царквы, пратэстанцкіх супольнасцяў, Біблійнага таварыства, свету навукі і культуры мела месца духоўна-асветніцкае свята «Скарына, які нас аб’ядноўвае». Свята было ўзбагачана выстаўкамі, прэзентацыямі кніг хрысціянскіх выдавецтваў, выступленнямі духавенства, вучоных, пісьменнікаў.

На 25 лістапада ў Мінску запланаваны біблійны сімпозіум «Божае слова 1517–2017», падчас якога адбудзецца прэзентацыя першага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове. Спадзяёмся таксама на прэзентацыю гэтага выдання ў Нацыянальнай бібліятэцы імя Францішка Скарыны.

Праваслаўная Царква, пратэстанцкія супольнасці, дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі таксама прымаюць удзел у святкаванні гэтага велічнага юбілею. Так, 6 жніўня гг. Аб'яднаная Царква хрысціян веры Евангельскай адзначыла гэты юбілей адмысловым святам «500 гадоў беларускай Бібліі – свята для ўсёй сям’і!» Беларуская Праваслаўная Царква ўпершыню выдала Новы Запавет на беларускай мове, прэзентацыя якога адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 15 лістапада гг.

1 верасня гг. у Нацыянальнай бібліятэцы мела месца прэзентацыя новага факсімільнага выдання ўсіх тамоў «Кніжнай спадчыны Скарыны». Там жа з 15 верасня па 31 снежня гг. адбываецца ўнікальная выстаўка «Францыск Скарына і яго эпоха». Яна, як машына часу, пераносіць нас у тыя часы, калі кнігадрукаванне толькі зараджалася і з’явіліся першыя друкавальныя машыны. На выстаўцы прадстаўлены арыгіналы і факсіміле першадрукаваных кніг XV-XVII стагоддзяў, прывезеныя з Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Славакіі і Славеніі.

У святкаванні скарынаўскага юбілею прымаюць удзел і іншыя краіны. Так, 15 чэрвеня гг. у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу прайшла XXV Міжнародная канферэнцыя «Санкт-Пецярбург і беларуская культура», прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

3-4 кастрычніка гг. у Нацыянальнай бібліятэцы Украіны ім. В. І. Вярнадскага адбылася прэзентацыя поўнага факсімільнага выдання кніжнай спадчыны беларускага першадрукара.

Такія ж прэзентацыі і цырымоніі дарэння адбыліся 18 і 19 кастрычніка гг. адпаведна ў Палацы Нацый у Жэневе і бібліятэцы Бернскага ўніверсітэта.

Жыццё нашага славутага суайчынніка цесна звязана з Вільняй. Каля 1520 года ён пераехаў у сталіцу Вялікага княства Літоўскага, дзе выконваў функцыі сакратара віленскага біскупа Яна, заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню і пачаў кнігадрукаванне. Тут ён выдаў «Малую падарожную кніжку», якая ўключае ў сябе Псалтыр і многія рэлігійныя тэксты, і «Апостала».

У Беларусі мы з вялікай радасцю ўспрымаем актыўны ўдзел Літвы ў святкаванні скарынаўскага юбілею. Так, 18-19 лістапада 2016 г. Беларускі клуб «Сябрына», Інстытут літоўскай мовы і Асацыяцыя беларусістаў Літвы разам з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Віленскім гарадскім самакіраваннем у Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх правялі Скарынаўскія чытанні «Кніжная традыцыя Вялікага княства Літоўскага».

4 мая гг. у Палацы вялікіх князёў літоўскіх адкрылася прымеркаваная да 500-годдзя выдання Скарынам першай друкаванай кнігі выстаўка «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам», на якой была прадстаўлена «Малая падарожная кніжка».

Нядаўна Банк Літвы выпусціў новую калекцыйную сярэбраную манету наміналам 20 €, прысвечаную 500-годдзю выдання Бібліі Францішкам Скарынам.

Скарынаўскія чытанні, якія адбываюцца сёння, арганічна ўпісваюцца ў сусветнае святкаванне юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Францішкам Скарынам і з’яўляюцца знакам пашаны да выдатнага сына нашага народа.

Каталіцкі Касцёл у Беларускі ўдзячны Беларускаму клубу «Сябрына», Інстытуту літоўскай мовы і Асацыяцыі беларусістаў Літвы разам з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, Дэпартаментам нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі і Віленскага гарадскога самакіравання, за арганізацыю гэтага форуму, які будзе спрыяць далейшай папулярызацыі Францішка Скарыны і кнігі кніг, якой з’яўляецца Біблія. Спадзяюся, што прыйдзе час, калі і ў старажытнай Вільні з’явіцца адпаведная выява нашага славутага земляка, якім ганарыцца не толькі Беларусь, але і Літва.

Выданне першай друкаванай кнігі ў тыя часы ва Усходняй Еўропе было нечым большым за тэхнічны прарыў, бо пэўныя пастановы з Бібліі ўвайшлі ў заканадаўства Вялікага княства Літоўскага, якое ў тыя часы перажыла вялікі духоўны ўздым.

Божы Провід распарадзіўся так, што Францішак Скарына выдаў Псалтыр 6 жніўня 1517 г. – у свята Перамянення Пана. Біблія – гэта вечна жывое і дзейснае Божае слова, якое дадзена нам з мэтай нашага духоўнага перамянення. Скарына падарыў свайму народу самае каштоўнае, што можа быць – Біблію на роднай мове, каб людзі яе разумелі, вывучалі і перамянялі сваю жыццё.

Для нашага земляка першасным было не стаць слаўным першадрукаром на ўсходніх землях, але выдаць Біблію на зразумелай для людзей таго часу мове, каб людзі яе чыталі і з яе бралі лекі для душы і цела, як казаў сам Скарына.

Гэта вельмі важна для сучаснага чалавека, які адракаецца ад Бога і ставіць сябе на Яго месца. Ён сам устанаўлівае этычныя нормы, паводле якіх жадае жыць. У выніку чаго свет перажывае шмат праблем і крызісаў і не ведае, як з іх выйсці. Таму Біблія, як кніга Божай мудрасці, ізноў павінна стаць настольнай кнігай кожнага хрысціяніна, бо кожны яе сказ з’яўляецца крыніцай Божай мудрасці.

Выказваю надзею, што віленскія Скарынаўскія чытанні не толькі паспрыяюць далейшай папулярызацыі беларускага першадрукара, але таксама дадуць новы імпульс для вывучэння Бібліі і жыцця паводле прадстаўленых у ёй маральных прынцыпаў, каб на іх падмурку мы будавалі нашу будучыню.

Дзякую за ўвагу.

Абноўлена 20.11.2017 11:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа