Днямі споўнілася 25 гадоў з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам. Прыгадаем 10 фактаў з гісторыі ўзаемаадносін дзвюх дзяржаў.
1. Першыя два гады Апостальская нунцыятура працавала... з Ватыкана
Гэта было з 1992 па 1994 гг. З моманту свайго заснавання 11 лістапада 1992 года, калі Папа Рымскі Ян Павел ІІ выдаў Апостальскую грамату Quantamtandem і тым самым заснаваў Апостальскую Нунцыятуру ў Рэспубліцы Беларусь, яна дзейнічала ў Ватыкане.
І толькі 18 мая 1994 года нунцыятура была перанесена ў Мінск.
2. У Мінску першая нунцыятура размяшчалася ў гасцініцы «Беларусь»
За ўвесь час свайго існавання ў беларускай сталіцы Апостальская нунцыятура змяніла на сёння чатыры адрасы. Першая нунцыятура часова размяшчалася ў гасцініцы «Беларусь» па вул. Старажоўская, 15.
Пазней нейкі час яна знаходзілася ў памяшканнях, якія здымаліся ў арэнду па вул. Заслаўская, 25. У лютым 1997-га нунцыятура пераехала на трэці паверх будынка па вул. Валадарскага, 6. Да сёння ў будынку размешчаны таксама пасольствы Турцыі, Славакіі і Польшчы.
1 мая 2016 г. Апостальская нунцыятура пераехала ўжо ва ўласны будынак на праспекце Незалежнасці, 46д. Афіцыйнае благаслаўленне будынка адбылося 4 кастрычніка 2017 года.
Падчас афіцыйнага адкрыцця будынка новай нунцыятуры ён быў названы «домам Папы ў Мінску»
3. Першым Апостальскім нунцыем у Беларусі быў калумбіец
Першым Апостальскім нунцыем для Беларусі быў прызначаны калумбійскі прэлат Габрыэль Мантальва Хігуэра (1930-2006).
У перыяд з 1964 па 1974 года іерарх нёс службу ў Дзяржсакратарыяце Святога Пасаду і адказваў за касцёльныя адносіны з камуністычнымі ўладамі ва Усходняй Еўропе. Арцыбіскуп Ігера быў Апостальскім нунцыем у Нікарагуа, Гандурасе, прэ-нунцыем у Алжыры, Тунісе, Югаславіі, апостальскім дэлегатам у Лівіі.
Абавязкі Апостальскага нунцыя ў Беларусі выконваў з 17 красавіка 1993 года па 17 мая 1994 года. Пазней быў пераведзены на аналагічную пасаду ў ЗША.
4. За 25 гадоў у Беларусі змянілася сем Апостальскіх нунцыяў
Яны былі ўраджэнцамі Калумбіі, Італіі, Славакіі, Харватыі, Славеніі і Венгрыі.
Святы Пасад у Беларусі прадстаўлялі наступныя іерархі: арцыбіскупы Габрыэль Хігуэра, Агосціно Маркетта, Дамінік Грушоўскі, Іван Юркавіч, Марцін Відавіч, Клаўдыё Гуджэроцці і Габар Пінтэр.
Арцыбіскуп Марцін Відавіч у свой час узначальваў харвацкую службу Ватыканскага радыё. Варта адзначыць, што для харвацкага іерарха, як і для нунцыяў Грушоўскага, Юркавіча і Пінтэра прызначэнне ў Беларусь супала з прызначэннем іх арцыбіскупамі.
5. У 2008 годзе Беларусь наведаў дзяржсакратар Святога Айца
Візіт кардынала Тарчызіо Бертонэ, дзяржсакратара папы Бэнэдыкта ХVI, у Беларусь у чэрвені 2008 года стаў першым дзяржаўным візітам іерарха такога рангу ў нашу краіну.
Візіт адбыўся па запрашэнні беларускага ўраду. Кардынал сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, а таксама з вернікамі. Візіт кардынала Тарчызіо Бэртонэ адкрыў новую эпоху ў дыпламатычных адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскім Пасадам.
6. Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з Папам Рымскім праз 17 гадоў устанаўлення дыпадносін
Гістарычная для дыпламатыі падзея для Беларусі і Апостальскага пасаду адбылася 27 красавіка 2009 года, калі папа Рымскі Бэнэдыкт XVI прыняў на прыватнай аўдыенцыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку.
На сустрэчы былі абмеркаваны тэмы, якія датычылі адносін веры і розуму, міжканфесійнага і міжкультурнага дыялогу, а таксама пытанні ўмацавання свету і агульнага прагрэсу. Таксама Аляксандр Лукашэнка запрасіў Пантыфіка наведаць Беларусь з афіцыйным візітам.
7. Беларусь наведвалі кіраўнікі Папскіх радаў па міжрэлігійным дыялогу і спрыяння хрысціянскаму адзінству
Кардынал Вальтэр Каспер, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству наведваў Беларусь у лістападзе 2009 года па запрашэнні Мітрапаліта Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
У Мінску ватыканскі кардынал прымаў удзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечаную хрысціянска-юдэйскаму дылогу. Падчас сустрэчы кардынала Каспера з епіскапатам Беларусі іерарх акрэсліў экуменічную сітуацыю ў краіне як «добрую».
Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран быў папскім пасланнікам на святкаванні Юбілею 400-годдзя прабывання абраза Маці Божай Будслаўскай у 2013 годзе.
8. У 2015 годзе ў другі раз прайшоў візіт дзяржсакратара Папы Рымскага ў Беларусь
Кардынал П’етро Паралін стаў другім іерархам на пасадзе дзяржаўнага сакратара Папы Рымскага, які наведаў Беларусь.
Афіцыйны візіт адбыўся 12–15 сакавіка 2015 года. Мэтай візіту стала развіццё кантактаў з органамі дзяржкіравання Беларусі і сустрэча з вернікамі.Ватыканскі іерарх сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі, прэм'ер-міністрам, міністрам замежных спраў, а таксама з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Паўлам.
9. 25 хвілін працягвалася размова Аляксандра Лукашэнкі з папам Францішкам
Важным крокам у адносінах Апостальскага Пасаду і Беларусі стала сустрэча Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з папам Францішкам. Яна прайшла ў маі 2016 года.
Тады сустрэча працягвалася каля 40 хвілін, з якіх 25 хвілін беларускі лідар і Святы Айцец гутарылі ў фармаце «адзін на адзін». Асноўнай тэмай стала развіццё адносін Апостальскага Пасаду з Беларуссю.
10. Папа Францішак «з вялікай увагай сочыць за падзеямі ў Беларусі»
Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр 10 лістапада сустрэўся на аўдыенцыі з папам Францішкам.
Па словах іерарха, Пантыфік уразіў яго глыбокім веданнем сітуацыі ў Беларусі.
«Да майго вялікага захаплення, Папа вельмі добра праінфармаваны аб Беларусі. Канешне, я ведаў аб гэтым, бо ўжо ў мінулым годзе мы з ім размаўлялі, пасля майго прызначэння, і я меў магчымасць пераканацца, што ён добра разбіраецца. Але ў гэты раз ён мяне ўразіў тым, што яго веды вельмі падрабязныя і дэтальныя. Ён з вялікай увагай сочыць за падзеямі ў Беларусі», — сказаў Апостальскі нунцый.
Падчас сустрэчы з Пантыфікам сярод шэрагу пытанняў абмяркоўваўся таксама магчымы візіт Пантыфіка ў Беларусь.
«Магу пацвердзіць, што гаворка ішла таксама і пра гэта. Мы шмат працуем, каб візіт адбыўся. Хачу папрасіць усіх маліцца ў гэтай інтэнцыі, бо сітуацыя яшчэ не зусім ідэальная, але мы спадзяемся, што хутка гэты момант наступіць. Усе гэтага жадаюць, мы ўсе гэтага жадаем», — сказаў арцыбіскуп Пінтэр.