Пошук


«Нашыя блізкія, якія знаходзяцца ў небе і таксама ў чысцы, моляцца за нас. Але і мы павінны маліцца ў іх інтэнцыях, бо яны самі сабе ўжо не могуць дапамагчы, іх час завяршыўся», — звярнуў увагу Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ва ўрачыстасць Усіх Святых. Іерарх узначаліў Эўхарыстыю ўвечары ў мінскім архікатэдральным касцёле.

Каб патлумачыць пераход з зямнога жыцця ў вечнае, арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў наступную гісторыю. «На дне сажалкі поўзаюць маленькія лічынкі і задаюцца пытаннем, што робіцца з імі, калі яны падымаюцца ўверх па сцябле ліліі і ніколі не вяртаюцца. Ім цікава, што там з імі здараецца. Таму лічынкі дамовіліся паміж сабой, што, калі адна з іх падымецца ўверх, то абавязкова вернецца і раскажа аб усім, што там адбываецца.

 

І вось чарговая лічынка сілаю вады выштурхваецца наверх і паўзе па сцябле ліліі на яе ліст на паверхні вады. Яна здзіўлена святлом, якое напаткала яе, у параўнанні з цемрай, якая валадарыць глыбока ў вадзе, так, што не можа паверыць у гэта. У гэты момант пачынаецца нешта незразумелае. Лічынка пачынае раскрывацца, і з яе выходзяць два каляровыя крылы, а яна сама становіцца прыгожай страказой. Яна ніколі не магла сабе нават уявіць такога і меркавала, што назаўсёды застанецца лічынкай.

Ператварыўшыся ў страказу, яна пачынае лётаць над прудам. Яна бачыць лічынак, якія знаходзяцца ў вадзе, але яны яе не могуць убачыць. Такім чынам, лічынка разумее, што дарогі назад няма».

Гэтая байка, па словах іерарха, дапамагае лепей зразумець літургічнае чытанне гэтага дня, у якім апостал Ян кажа, што «цяпер мы — дзеці Божыя, але яшчэ не адкрылася, чым будзем. Ведаем, што, калі адкрыецца, мы будзем падобныя да Яго, таму што ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць».

Поўны тэкст гаміліі>>>

«Як Божыя дзеці мы прызначаны да нябеснай хвалы, бо добры і міласэрны Бог хоча падзяліцца з намі сваёй любоўю і жыццём», — заўважыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Арцыпастыр нагадаў, што ў Сімвале веры мы вызнаём нашу веру ў еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрасенне цела і жыццё вечнае. «Вера ў еднасць святых азначае, што святыя ў небе моляцца за нас. Сярод іх, напэўна, ёсць і нашы блізкія», — адзначыў іерарх.

«Людзі, якія перажылі клінічную смерць і потым ажылі, распавядаюць, што памерлыя блізкія іх сардэчна віталі. Таму еднасць святых азначае, што мы ўсе аб’яднаны вакол Хрыста, што нашы памерлыя моляцца за нас і мы молімся за душы чысцовыя, каб яны як мага хутчэй дасягнулі радасці вечнага шчасця», — сказаў Мітрапаліт.

«Напэўна, не ўсе з нас у хвіліну смерці будуць гатовы да таго, каб быць прынятымі ў неба, — дадаў арцыбіскуп. — Але мы верым у тое, што ў такім выпадку мы будзем мець магчымасць у чысцы ачысціцца з гэтага, каб Бог прызнаў нас годнымі неба. Чысцец можна назваць месцам, дзе душы вучацца, як любіць і як дараваць іншаму чалавеку яго правіны».

Кажучы пра тое, як дапамагчы спачылым, арцыпастыр адзначыў: «Калі мы бачым хворага і церпячага, то спяшаемся з дапамогай. Клічам урача, купляем лекі і даём іх церпячаму. Адносна нашых блізкіх памерлых і ўсіх душаў чысцовых гэтымі лекамі з’яўляюцца малітва і магчымасць поўнага адпусту ў іх інтэнцыях».

На заканчэнне Мітрапаліт пажадаў, каб праслаўленне ўсіх святых «паспрыяла большай хвале Бога, а малітва ў інтэнцыі душ чысцовых павялічыла колькасць святых, каб іх жыццёвы прыклад і заступніцтва дапамагала нам у нашай пілігрымцы ў краіну вечнага шчасця».

Абноўлена 02.11.2017 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.