Пошук

01.11.2017 20:33   Catholic.by

Мінская архікатэдра, 1 лістапада 2017 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з самых вялікіх і вельмі значных святаў – урачыстасць Усіх Святых. Не толькі тых кананізаваных ці благаслаўлёных, але ўсіх, бо ў большасці выпадкаў працэс праслаўлення не вядзецца. Падчас сённяшняй урачыстасці праслаўляем тых, каго прадстаўляе бачанне св. апостала Яна ў сённяшнім першым чытанні, і тых, хто радуецца вечным шчасцем, якое абяцае Езус у сваім славутым Нагорным казанні аб васьмі благаслаўленнях.

Аднойчы дзядуля з унукам наведвалі могілкі. Здзіўлены надмагільнымі камянямі, унук пацікавіўся, што гэта такое. Дзядуля адказаў, што спачатку людзі жылі ў нармальных, звычайных дамах, а цяпер жывуць у Божых. Хлопчык крыху падумаў і адказаў: “А тут яны пакінулі свае адзенні”. Здаецца, што гэта вельмі добры спосаб вытлумачыць пераход з зямнога жыцця ў вечнае.

Існуе яшчэ адзін спосаб, каб лепей зразумець гэтую таямніцу нашай веры. На дне сажалкі поўзаюць маленькія лічынкі і задаюцца пытаннем, што робіцца з імі, калі яны падымаюцца ўверх па сцябле ліліі і ніколі не вяртаюцца. Ім цікава, што там з імі здараецца. Таму лічынкі дамовіліся паміж сабой, што, калі адна з іх падымецца ўверх, то абавязкова вернецца і раскажа аб усім, што там адбываецца.

І вось чарговая лічынка сілаю вады выштурхваецца наверх і паўзе па сцябле ліліі на яе ліст на паверхні вады. Яна здзіўлена святлом, якое напаткала яе, у параўнанні з цемрай, якая валадарыць глыбока ў вадзе, так, што не можа паверыць у гэта. У гэты момант пачынаецца нешта незразумелае. Лічынка пачынае раскрывацца, і з яе выходзяць два каляровыя крылы, а яна сама становіцца прыгожай страказой. Яна ніколі не магла сабе нават уявіць такога і меркавала, што назаўсёды застанецца лічынкай.

Ператварыўшыся ў страказу, яна пачынае лётаць над прудам. Яна бачыць лічынак, якія знаходзяцца ў вадзе, але яны яе не могуць убачыць. Такім чынам, лічынка разумее, што дарогі назад няма.

Гэтая байка дапамагае лепей зразумець другое сённяшняе чытанне, у якім св. апостал Ян кажа, што “цяпер мы – дзеці Божыя, але яшчэ не адкрылася, чым будзем. Ведаем, што, калі адкрыецца, мы будзем падобныя да Яго, таму што ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць”.

Як Божыя дзеці мы прызначаны да нябеснай хвалы, бо добры і міласэрны Бог хоча падзяліцца з намі сваёй любоўю і жыццём.

2. Касцёл складаецца з трох частак – пілігрымуючы, церпячы і трыўмфуючы. Пілігрымуючы – гэта Касцёл, які знаходзіцца і дзейнічае на зямлі. Гэта Касцёл, да якога мы ўсе адносімся. Церпячы – гэта Касцёл, які прадстаўляюць сабой вернікі ў чысцы. Трыўмфуючы – гэта той, які знаходзіцца ў нябеснай славе. Мы ўсе аб’яднаныя паміж сабой – жывыя, душы чысцовыя і святыя ў небе.

Гэтая еднасць вельмі добра выяўляецца ў Сімвале веры, дзе мы вызнаём нашу веру ў еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрасенне цела і жыццё вечнае. Вера ў еднасць святых азначае, што святыя ў небе моляцца за нас. Сярод іх, напэўна, ёсць і нашы блізкія.

3. Адна жанчына распавядае пра тое, як памерлы муж дапамог ёй і дзіцяці, якое нарадзілася пасля яго смерці. Калі дзіця было ў суседзяў, жанчына нечакана пачула, што яе муж размаўляе з ёй. Ёй здавалася, што яе памерлы муж кажа ёй, што іх сын тоне ў суседскай сажалцы. Яна хутка кінулася туды і сапраўды ўбачыла тонучага сына, якога ёй затым удалося выратаваць.

Гісторыя пра ўратаванае жыццё дзіцяці сапраўды ўражвае нас, аднак яна вучыць і аб тым, што бацька гэтага дзіцяці, нягледзячы на тое, што памёр, клапоціцца пра яго.

Людзі, якія перажылі клінічную смерць і потым ажылі, распавядаюць, што памерлыя блізкія іх сардэчна віталі. Таму еднасць святых азначае, што мы ўсе аб’яднаны вакол Хрыста, што нашы памерлыя моляцца за нас і мы молімся за душы чысцовыя, каб яны як мага хутчэй дасягнулі радасці вечнага шчасця.

4. Напэўна, не ўсе з нас у хвіліну смерці будуць гатовы да таго, каб быць прынятымі ў неба. Нават калі і памрэм у стане Божай ласкі, то яшчэ могуць заставацца нявыкананыя пакуты, неадудзячаныя крыўды і г.д. Але мы верым у тое, што ў такім выпадку мы будзем мець магчымасць у чысцы ачысціцца з гэтага, каб Бог прызнаў нас годнымі неба. Чысцец можна назваць месцам, дзе душы вучацца, як любіць і як дараваць іншаму чалавеку яго правіны.

Мы праслаўляем сёння тых, хто ўжо ачысціўся і цешыцца радасцю вечнага шчасця, якое абяцае Езус у сённяшнім Евангеллі, у сваіх слаўных васьмі благаслаўленнях. Нашыя блізкія, якія знаходзяцца ў небе і таксама ў чысцы, моляцца за нас. Але і мы павінны маліцца ў іх інтэнцыях, бо яны самі сабе ўжо не могуць дапамагчы, іх час завяршыўся.

Мы, жывыя, з’яўляемся іх надзеяй. З аднаго боку яны шчаслівыя, бо ведаюць, што ў будучыні ўвойдуць у радасць неба. Але з іншага, яны вельмі моцна церпяць, чакаюць і не могуць дачакацца, калі іх цярпенні скончацца.

5. Калі мы бачым хворага і церпячага, то спяшаемся з дапамогай. Клічам урача, купляем лекі і даём іх церпячаму. Адносна нашых блізкіх памерлых і ўсіх душаў чысцовых гэтымі лекамі з’яўляюцца малітва і магчымасць поўнага адпусту ў іх інтэнцыях.

Езус вучыць, што “шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць”. Гэта азначае, што за дабро Бог плаціць дабром. І нам калісьці патрэбна будзе малітва жывых. Нашымі малітвамі і адпустамі купім нашым памерлым білет у неба, а ў будучыні знойдзецца хтосьці, хто купіць і нам такі ж самы білет.

Няхай жа праслаўленне ўсіх святых паспрыяе большай хвале Бога, а малітва ў інтэнцыі душ чысцовых павялічыць колькасць святых, каб іх жыццёвы прыклад і заступніцтва дапамагала нам у нашай пілігрымцы ў краіну вечнага шчасця. Амэн.

Абноўлена 01.11.2017 22:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.