29 кастрычніка ў касцёле Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка ў Ракаве Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў дыяканскія пасвячэнні навучэнцам пінскай духоўнай семінарыі Яўгену Баланёву і Андрэю Бураку.
Іерарх выказаў падзяку бацькам, блізкім, духоўным асобам і выкладчыкам духоўнай семінарыі ў Пінску, якія спрыялі адкрыццю дару паклікання да святарства і ажыццяўлялі фармацыю кандыдатаў.
У гаміліі арцыпастыр нагадаў гісторыю ўстанаўлення дыяканату, калі апосталы ўстанавілі сем дыяканаў.
Дыяканат з’яўляецца першай з трох ступеняў сакрамэнту пасвячэння. Пасля дыяканату — святарства і біскупская кансэкрацыя. Пасвячэнне ў дыяканы, паводле касцёльнай традыцыі, ажыццяўляецца праз ускладанне рук біскупа і малітву. Як падкрэсліў Мітрапаліт, біскуп ускладае рукі на галаву кандыдата не для святарства, а для служэння.
«Дыяканы пакліканы дапамагаць святарам, а не каб замяняць іх. Таму яны не выконваюць такія святарскія функцыі як цэлебрацыя Эўхарыстыі, споведзь, намашчэнне хворых. Аднак, умацаваныя сакрамэнтальнай ласкай, яны павінны служыць Касцёлу ў паслузе літургіі, слова і дабрачыннасці», — падкрэсліў арцыбіскуп.
Слова дыякан паходзіць ад грэчаскага слова дыяканія, што і азначае служэнне — служэнне ля алтара, служэнне ў абвяшчэнні Божага слова і служэнне патрабуючым.
«Дыякан пакліканы дапамагаць святару ў цэлебрацыі Эўхарыстыі. Ён сваімі рукамі дакранаецца да Цела Хрыстовага і дае яго вернікам. Заданнем дыякана таксама з’яўляецца цэлебрацыя хросту і, з дазволу кампетэнтнай касцёльнай улады, — благаслаўлення сакрамэнту сужэнства. Ён таксама ўзначальвае розныя іншыя набажэнствы. Сярод іх — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовы шлях, пахаванні і іншыя».
Іерарх нагадаў, што асаблівым служэннем дыякана з’яўляецца служэнне словам, абвяшчаючы Евангелле. «Нездарма падчас дыяканскіх пасвячэнняў біскуп уручае дыякану евангеліярый, як знак гэтай важнай паслугі», — дадаў арцыпастыр.