Пошук

27.10.2017 09:33   catholicnews.by / Catholic.by

19 кастрычніка біскуп Віцебскі Алег Буткевіч благаславіў капліцу святога Яна Божага ў Доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў у Віцебску.

Іерарх зазначыў, што яшчэ не так даўно сам служыў тут як святар: «Благаслаўленне святыні заўсёды мае вялікае значэнне для Каталіцкага Касцёла. Для мяне асабліва гэта важны момант, бо давялося даволі доўгі час працаваць у гэтай парафіі і прыходзіць у гэтую капліцу. Мне было прыемна сустрэць тут людзей, для якіх мне давялося тут служыць».

«Без веры няма сэнсу чалавечага цярпення, — звярнуўся біскуп да людзей старэйшага веку. — А з Езусам нават смерць не страшная, бо гэта брама, пераход у іншы свет».

Віцебскі адынарый выказаў надзею, што капліца стане яшчэ адным месцам, дзе чалавек зможа пазнаваць праўду веры.

На заканчэнне святой Імшы кс. Аляксей Ляшко, які апякуецца гэтай капліцай, падзякаваў біскупу за яе благаслаўленне. Асаблівую падзяку святар выказаў сястры Антоніі, якая апякуецца хворымі і гэтай капліцай. Ксёндз Аляксей Ляшко адзначыў, што ён прыходзіць сюды толькі на Імшу, а сястра бывае тут практычна кожны дзень.

У знак удзячнасці святар падарыў абраз св. Яна Божага дырэктару Дома-інтэрната Святлане Саннікавай, а таксама брату Эмануэлю, які належыць да Ордэна баніфратраў, заснавальнікам якога з’яўляецца св. Ян Божы.

Брат Эмануэль нарадзіўся ў Мінску. Пасля заканчэння медыцынскага ўніверсітэта адчуў у сабе пакліканне, стаў католікам, уступіў у Ордэн баніфратраў, зараз нясе службу ў Польшчы і мае надзею вярнуцца служыць у Беларусь.

Святы Ян Божы нарадзіўся 8 сакавіка 1495 года ў Партугаліі. Спачатку быў пастухом і вёў спакойны лад жыцця, але потым вырашыў уступіць у войска і апынуўся ў Афрыцы, дзе прабыў некаторы час. У 1539 годзе перажыў навяртанне. Праз год вырашыў апекавацца беднымі, хворымі і разумова адсталымі, для чаго заснаваў уласны шпіталь, у якім медыцынскую дапамогу дапаўняў духоўным клопатам. Святы лічыцца першапраходцам у галіне метадычнага дагляду хворых, у тым ліку псіхічна хворых. Святы з’яўляецца апекуном хворых, шпіталяў і санітараў, а таксама кнігагандлёўцаў і друкароў.

Абноўлена 27.10.2017 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа