Пошук

24.10.2017 15:32   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

22 кастрычніка, у літургічны ўспамін святога Яна Паўла II, у парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Крулеўшчыне асаблівым чынам ушанавалі постаць святога. У гэты дзень ўпершыню ў касцёле для ўшанавання былі выстаўлены рэліквіі крыві святога, якія стараннямі пробашча парафіі кс. Юрыя Бараўнёва былі перададзеныя з Кракава.

Таксама ў гэты дзень парафія атрымала ў падарунак фігуру святога Папы. Яе падараваў Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік, які прыбыў на свята разам са сваім бацькам. «Постаць святога Яна Паўла II яднае палякаў і беларусаў», — нагадаў у сваёй прамове шаноўны госць.

Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі Аляксандр Яшчэўскі SDB. Падчас гаміліі сярод іншага іерарх звярнуў увагу на тое, што менавіта Бог быў на першым месцы ў жыцці святога, прыгадаўшы пра адзін выпадак падчас чацвёртага візіту святога ў Польшчу ў 1991 годзе.

     

Калі Папа Ян Павел ІІ знаходзяўся на Яснай Гуры, у Чэнстасхове, позна ўвечары прыёр супольнасці паўлінаў, якая знаходзіцца ў гэтым кляштары, ўбачыў, што ў кляштарнай капліцы гарыць святло. Падумаўшы, што ў такі позні час там нікога не можа ўжо быць і, напэўна, нехта проста забыўся выключыць святло, святар увайшоў у капліцу.

Аднак у капліцы прыёр ўбачыў святога Папу, які горача маліўся, кленчачы ля алтара. Прыёр асмеліўся сказаць Папу, што ў яго быў вельмі насычаны дзень, і заўтрашні таксама будзе нялёгкім, таму, напэўна, яму ўжо трэба адпачыць. І на гэта Папа адказаў яму, што так, у яго сапраўды быў вельмі цяжкі дзень. Але праз шматлікія сустрэчы ён не меў часу на тое, каб паразмаўляць з Панам Богам і таму гэта робіць зараз, нагадаўшы: «Калі кагосьці вельмі моцна любіш, заўсёды знойдзеш на яго час».

Падчас Імшы біскуп Аляксандр Яшчэўскі SDB благаславіў фігуру святога Яна Паўла ІІ. У хуткім часе яе ўсталююць на вуліцы ля касцёла. Пасля літургіі вернікі мелі магчымасць ўшанаваць рэліквіі святога Яна Паўла II.

Абноўлена 24.10.2017 16:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця