Пошук

26.04.2022 07:07   Фота: з архіву парафіі / Catholic.by

У нядзелю 24 красавіка, калі адзначалася свята Божай Міласэрнасці, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў урачыстую святую Імшу ў парафіі Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне (Докшыцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія).

Увечары напярэдадні заслужаны іерарх маліўся з вернікамі суседняй парафіі Святой Сям’і i святога Юрыя ў Барсуках, дзе адзначаўся фэст у гонар святога апекуна.

У нядзельнай гаміліі ў Крулеўшчыне арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што таямніца Божай міласэрнасці ва ўсёй паўнаце праявілася ў пасхальнай таямніцы крыжовай смерці і Уваскрасення Езуса.

Іерарх дадаў, што яна праяўлецца таксама ў цэлебрацыі сакрамэнтаў, перадусім сакрамэнту пакаяння.

Арцыпастыр нагадаў вернікам аб аб’яўленнях Езуса Міласэрнага святой Фаўстыне Кавальскай, што адбываліся ў сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

«Наш зямляк, благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька, які быў спаведніком сястры Фаўстыны, папрасіў яе запісваць аб’яўленні. Такім чынам сціплая законніца стала „сакратаркай“ Божай Міласэрнасці, і чалавецтва атрымала яе „Дзённік“, які з’яўляецца крыніцай культу Божай Міласэрнасці», — заўважыў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што свята Божай міласэрнасці, якое адзначаецца ў Другую Велікодную нядзелю, устанавіў святы Ян Павел ІІ у 2000 годзе.

«Вялікі Папа казаў, што адзіная надзея сучаснага свету — у Божай Міласэрнасці. <…> Сучасны свет, які перажывае шмат трагедый, шукае леку ад іх. Такім лекам з’яўляецца Божая Міласэрнасць», — падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў вернікам невялікай парафіі на ўскрайку Віцебскай дыяцэзіі даверыцца Божай Міласэрнасці дзеля хутчэйшага вырашэння надзённых праблем і будавання цывілізацыі жыцця і міру.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.