21 кастрычніка біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка асвяціў пад тытулам Божага Цела ў Давыд-Гарадку касцёл, які яшчэ нядаўна выкарыстоўваўся як клуб.
«Мы дзякуем Пану Богу за дар святыні, вернутай Касцёлу, за прыхільнасць уладаў Столінскага райвыканкама і Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама, за намаганні кс. Андрэя Шута і кс. Андрэя Рылкі ў аднаўленні касцёла і за салідарную дапамогу Паўсюднага Касцёла», — адзначыў іерарх.
Мы згадалі ТОП-3 незвычайных фактаў з гісторыі каталіцкай парафіі ў гэтым горадзе.
1. Парафіяльны касцёл тройчы цалкам згараў у пажарах
Гісторыя каталіцкай парафіі ў Давыд-Гарадку налічвае амаль 400 гадоў. Першая парафіяльная святыня, збудаваная тут у 1623 г. князем Янам Альбрэхтам Радзівілам, згарэла падчас пажару. Адбудаваная ў 1811 годзе, яна зноў была знішчана агнём у 1833-м.
У 1848 годзе святыню адбудавалі пад кіраўніцтвам і за кошт кс. Якуба Гарбацэвіча, але ў 1890 годзе ў пажары касцёл зноў быў знішчаны. Пачынаючы з 1903 года святая Імша цэлебравалася ў плябаніі.
У 1936 годзе дзякуючы намаганням вясковых вернікаў і памежнікаў новы касцёл быў узведзены з цэглы. Яго асвячаў біскуп Пінскі Казімір Букраба. Аднак у такім выглядзе ён праслужыў толькі тры гады.
2. 72 гады касцёл выкарыстоўваўся як клуб
Падчас Другой сусветнай вайны касцёл быў адабраны — гітлераўцы захоўвалі ў ім хімічныя рэчывы. Пасля вайны да сёлетняга года будынак выкарыстоўвася як Дом культуры і клуб для мясцовай моладзі.
Пасля 78 гадоў перапынку ў набажэнствах улады Столінскага раёна перадаюць будынак католікам.
3. У вяртанні святыні паспрыялі... абласныя «Дажынкі»
У часе падрыхтоўкі да абласных «Дажынак», якія ў 2017 годзе праходзілі ў Давыд-Гарадку, у горадзе рэканструявалі будынак былога кінатэатра. Менавіта туды пераехаў Дом культуры з будынка колішняга касцёла. Такім чынам, касцёл вярнулі католікам.
***
Касцёл — гэта дом Караля каралёў, дом Пана Бога. Нават вельмі сціплы касцёл, бедны як Бэтлеемская стаенка, з’яўляецца невычэрпнай скарбніцай розных дароў і ласкаў», — адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка падчас урачыстай святой Імшы, падчас якой адбылося асвячэнне святыні.
Пінскі ардынарый прыгадаў найважнейшыя дары, якія кожны вернік можа атрымаць у святыні.
«У Касцёле мы атрымліваем святы хрост, які змывае першародны грэх і чыніць нас хрысціянамі, спадкаемцамі Нябеснага Валадарства. Тут нам удзяляюць сакрамэнт канфірмацыі для таго, каб маглі супрацьстаяць граху і ўзрастаць у цнотах. У касцёле праз пакорлівую споведзь, з глыбокім і сардэчным жалем, прабачаюцца правіны. І тады з марнатраўных сыноў грэшнікі становяцца Божымі Дзецьмі», — зазначыў іерарх.
«У касцёле заключаюцца сужанскія саюзы. З касцёлам звязаны пачатак і канец хрысціянскага жыцця. З касцёла да хворых пасылаюцца святары, каб ім удзяліць сакрамант намашчэння хворых. У касцёле з амбоны ў кожную нядзелю і святы прамаўляюцца навукі. У касцёле мы знаходзім спакой і палёгку ў нашых цярпеннях...».
Біскуп адзначыў, што ў святыні наша малітва больш шчырая і дзейсная, чым у дома, таму што «злучаецца з малітвамі вернікаў, духавенства і анёлаў, якія акружаюць алтары Пана».
Паводле біскупа, святы Аўгустын параўноўвае працу над удасканаленнем хрысціянскага ладу жыцця да будоўлі.
«Спачатку з лесу на будоўлю звозіцца будаўнічы матэрыял. Затым будаўнікі, прапускаючы яго праз розныя механізмы, надаюць форму і затым укладваюць сцены, дах, вокны і іншае. Гэтаксама і мы праз хрост становімся Божай будоўляй, а праз іншыя сакрамэнты ўдасканальваецца ўся будоўля, каб напрыканцы жыцця стаць перад Панам з велічнай формай», — нагадаў іерарх.
Біскуп нагадаў, што перыяд захаплення атэізмам у СССР паказаў, што «рай без Бога становіцца пеклам», бо перапоўнены эгаізмам, разводамі, нянавісцю і вялікім недахопам любові, радасці і надзеі.
Біскуп Пінскі падкрэсліў, што Хрыстус ахвяраваў сябе на крыжы, каб адарыць нас сваёй любоў’ю. «Ён здабыў для нас прабачэнне і аднавіў нашыя адносіны з Богам, адкрываючы дарогу да вечнага жыцця. Няхай гэты касцёл будзе знакам той вялікай любові Бога да вас», — заключыў іерарх.