Пошук

23.04.2018 15:50   Кс. Андрэй Рылка / Фота: Арцём Кір'янаў / Catholic.by

22 красавіка ўрачыстай святой Імшой у катэдральнай базыліцы ў Пінску біскуп Антоні Дзям’янка распачаў разам з вернікамі Палесся адмысловы Тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарскага, манаскага і місійнага служэння ў Касцёле.

У літургіі прынялі ўдзел фарматары і студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, а таксама вернікі горада.

У гаміліі іерарх нагадаў, што Касцёл у чацвёртую нядзелю пасля Вялікадня ва ўсім свеце адзначае нядзелю Езуса Добрага Пастыра.

Евангельскі тэкст, прызначаны на гэты дзень, нагадвае казане Хрыста, дзе Ён аб’яўляе Сябе “Добрым Пастырам” і “Брамай авечак” для “аўчарні” Пана – Божага Валадарства (пар. Ян 10, 11-18). Біскуп заахвоціў вернікаў маліцца за тых, хто служыць у парафіях як душпастыры, каб яны былі добрымі пастырамі па прыкладу Божага Сына.

Асаблівыя словы падзякі іерарх скіраваў да тых святароў, якія служаць у цяжкіх умовах, між іншым, у Чарнобыльскай зоне.

Арцыпастыр заахвоціў вернікаў да нястомнай малітвы за навучэнцаў духоўнай семінарыі ў Пінску. Іерарх заклікаў вернікаў і ўсе супольнасці дыяцэзіі ўключыцца ў малітву Паўсюднага Касцёла аб новых святых пакліканнях.

Паводле яго слоў, Пінская дыяцэзія вельмі патрабуе святароў, бо амаль палова парафій па сёння не мае пастаяннага душпастыра.

На заканчэнне літургіі біскуп разам са святарамі-фарматарамі, семінарыстамі і сабранымі вернікамі ўзнёс да Бога адмысловую малітву святога Яна Паўла ІІ за пакліканых і аб пакліканнях да пастырскага служэння ў Касцёле.

Абноўлена 23.04.2018 16:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.