Пошук

23.10.2017 09:45   Catholic.by

22 кастрычніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, здзейсніў пастырскі візіт у парафіі ў Бабруйску і Клічаве.

У парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску падчас святой Імшы арцыбіскуп прадставіў вернікам новага каноніка катэдральнага капітула ў Мінску ў гонар cв. Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай – кс. Андрэя Яркаўца, пробашча гэтай парафіі.

Разважаючы ў гаміліі над чытаннем Евангелля гэтага дня, якое прадстаўляе тэму прыроды адносін паміж Касцёлам і грамадствам, Мітрапаліт адзначыў, што пытанне фарысеяў і прыхільнікаў Ірада Езусу «Належыць плаціць падатак цэзару ці не?» па сваёй сутнасці было правакацыйным. Аднак «не яны дыскрэдытавалі Езуса, але Ён іх». Узяўшы манету, Езус пытаецца, чыя выява знаходзіцца на ёй. Атрымаўшы адказ, што цэзара, Ён кажа: «Аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу».

«Мы павінны аддаваць манету цэзару, бо на ёй знаходзіцца яго выява і ён яе гаспадар. Але мы таксама павінны аддаваць Богу саміх сябе, бо мы створаны па Яго вобразу і падабенству і Ён наш гаспадар, - патлумачыў арцыбіскуп Кандрусевіч. - Езус нас вучыць, што належным чынам мы выконваем нашы абавязкі адносна грамадства, калі падпарадкоўваемся справядлівым дзяржаўным законам, у тым ліку плацім падаткі, і працуем на карысць грамадства. Мы таксама належным чынам выконваем нашы абавязкі адносна Бога, калі выконваем Яго волю».

Поўны тэкст гаміліі>>>

Цэзару цэзарава

«Як грамадства, так і Бог патрабуе нашай лаяльнасці, але пры гэтым трэба памятаць аб тым, што мы абавязаны Богу нашым жыццём, — падкрэсліў іерарх. — Таму пытанне, якое габрэі задалі Езусу, можа быць перафразавана так: “На якім баку ты? На баку Бога ці Рыма?” Адказ Езуса недвухсэнсоўны: “На баку Бога!”»

«Паводле месца нашага нараджэння мы становімся грамадзянамі краіны, у якой нарадзіліся. Аднак дзякуючы хросту, які з’яўляецца новым духоўным нараджэннем, мы таксама сталі грамадзянамі Божага Валадарства. Такім чынам, пра нас, як хрысціян, можна сказаць, што мы маем двайное грамадзянства – свецкае і боскае, што накладвае на нас двайныя абавязкі: адносна грамадства і адносна Бога», — дадаў арцыпастыр.

Гісторыя хрысціянства, як адзначыў іерарх, сведчыць аб тым, што «хрысціяне заўсёды павінны былі вырашаць дылему паміж патрабаваннямі цэзара і Бога», і «такая праблема актуальная і ў наш час». «Адказ Езуса дапамагае ў яе вырашэнні паводле прынцыпу: добры хрысціянін з’яўляецца добрым грамадзянінам. Каб выканаць вучэнне Езуса аб адносінах паміж грамадствам і верай, мы павінны кіравацца прынцыпам, што служым грамадству, не парушаючы Божага закону», — звярнуў увагу арцыбіскуп.

«Аддаць належнае цэзару азначае працаваць сумленна і клапаціцца пра дабрабыт грамадства. Аддаць належнае Богу азначае выконваць Яго закон, штодзённа маліцца, прымаць удзел у нядзельнай і святочнай Эўхарыстыі, клапаціцца пра рэлігійнае выхаванне маладога пакалення і г.д. Нарэшце, аддаць цэзару цэзарава, а Богу – Божае азначае адказаць на наступныя пытанні: чым мы найбольш зацікаўлены – матэрыяльнымі ці духоўнымі справамі? Чыю выяву прадстаўляе наша жыццё – боскую ці свецкую? Што выгравіравана на нашых сэрцах – даляр ці вобраз Езуса?» – сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Жыць паводле Божага закону

Пасля абеду іерарх наведаў парафію Маці Божай Фацімскай у Клічаве, якую абслугоўвае кс. канонік Андрэй Яркавец з Бабруйска, і асвяціў капліцу. У гаміліі Мітрапаліт, зыходзячы з Евангелля аб тым, што належнае цэзару неабходна аддаць цэзару, а належнае Богу — аддаць Богу, падкрэсліў, што гэтыя словы Хрыста з’яўляюцца фундаментальнымі ў вучэнні пра адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай.

Па словах арцыпастыра, неабходна любіць сваю радзіму і сумленна працаваць на карысць грамадства, але нельга забывацца, што пры гэтым неабходна жыць паводле Божага закону.

Таксама Мітрапаліт нагадаў сабраным, што ў гэтым годзе мы адзначаем два супралецьглыя па сваім значэнні юбілеі — 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў і 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі.

«Калі рэвалюцыя прынесла нашаму народу незлічоныя беды і трагедыі, то фацімскія аб’яўленні далі надзею, — сказаў іерарх.«Рэвалюцыя прывяла да пераследу Касцёла, у выніку чаго было знішчана шмат святыняў, у тым ліку і на Магілёўшчыне. Дзякуй Богу, сёння, праз ажыццяўленні фацімскіх аб’яўленняў, адраджаюцца парафіі і будуюцца новыя касцёлы і капліцы».

У сувязі з гэтым арцыбіскуп падкрэсліў, што з вялікай радасцю асвячае капліцу ў Клічаве. Пры гэтым іерарх выказаў удзячнасць ахвярадаўцам, дзякуючы якім парафія сёння мае сталае месца малітвы.

Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў, што капліца — гэта месца спаткання чалавека з Богам. Гэтае спатканне, па словах арцыбіскупа, адбываецца праз Святое Пісанне, сакрамэнты і дабрачыннасць. Іерарх заклікаў вернікаў выкарыстоўваць новыя магчымасці, каб спаткацца з Богам і жыць Ягонай праўдай. Арцыпастыр пажадаў ім Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай Фацімскай.

Абноўлена 23.10.2017 14:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа