13 мая ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы. Парафія ў Клічаве мае гонар мець Маці Божую Фацімскую сваёй асаблівай Апякункай. Таму ў IV Велікодную нядзелю, якую называюць нядзеляй Добрага Пастыра, парафію наведаў біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Падчас святой Імшы біскуп сардэчна прывітаў святароў, сясцёр законных і парафіян. Іерарх заклікаў маліцца адзін за аднаго, каб маглі ў жыцці быць добрымі сынамі і дочкамі Насвяцейшай Панны Марыі, а таксама маліцца аб новых пакліканнях на магілёўскай зямлі.
«Акрамя зямной маці, якая дала нам жыццё, якая выхоўвае, корміць, даглядае, у нас ёсць нябесная Маці, якая ніколі не пакідае нас без сваёй апекі, нястомна жадае прысутнічаць у нашым жыцці і дапамагаць нам ісці да дому Айца, да Божага Валадарства, да раю, — сказаў біскуп. —
У кожнай хрысціянскай сям’і, у кожным доме абавязкова знойдзем вобраз Маці Божай, таму што мы разумеем: ісці да неба, ісці па гэтым зямным жыцці нам лягчэй, трымаючы за руку Насвяцейшую Панну Марыю».
Па словах іерарха, магілёўская зямля адмыслова адзначана любоўю людзей да Насвяцейшай Панны. Дзве парафіі прысвечаны Яе Беззаганнаму Зачаццю: у Бабруйску і Крычаве. Дзве парафіі прысвечаны Яе Унебаўзяццю: магілёўская катэдральная і ў Мсціслаўлі. Клічаўская парафія носіць тытул Маці Божай Фацімскай. Парафія ў Чавусах прысвечана Марыі — Маці Касцёла. Дзве парафіі прысвечаны Маці Божай Бялыніцкай: у Бялынічах і Горках. Новая парафія, якая паўстае ў Чэрыкаве, таксама прысвечана Насвяцейшай Панне.
«Па сутнасці, мы ўсе з вамі — марыяне, гэта значыць, што мы пад апекай Маці Божай», — дадаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
«Святы папа Ян Павел ІІ заўсёды паўтараў дзеткам, якія прыступалі ў Фаціме да Першай святой Камуніі: “У школе Марыі вучыцеся святасці”, — нагадаў іерарх. — Якой жа гэтая школа можа быць для нас?..»
Парафіяне падзякавалі свайму біскупу за тую тэму для роздуму, якую ён ім пакінуў. Сапраўды: школа Марыі — пакора, малітва, годнасць і любоў. Варта навучыцца!