Пошук

22.10.2017 19:23   Catholic.by

22 кастрычніка 2017 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Касцёл прадстаўляе нашай увазе незвычайнае Евангелле, якое закранае вельмі важную тэму прыроды адносін паміж Касцёлам і грамадствам. Распавядаючы аб тым, як Езус выйшаў з каверзнага пытання фарысеяў і прыхільнікаў цара Ірада: “Належыць плаціць падатак цэзару ці не?”, яно паказвае, як з Божай дапамогай мы можам быць ідэальнымі грамадзянамі зямнога і Божага валадарстваў.

Найперш трэба падкрэсліць, што гэтае пытанне па сваёй сутнасці было правакацыйным і стварала вялікую дылему для Езуса. Яго сутнасць зводзілася да пытання: “Езус быў рэвалюцыйным мяцежнікам і ворагам дзяржавы ці калабарацыяністам ненавіснай габрэям рымскай улады?”

Евангелле распавядае пра стаўленне фарысеяў і прыхільнікаў цара Ірада да падаткаў. Фарысеі былі рэлігійнымі фундаменталістамі і не хацелі плаціць падаткі рымлянам. Прыхільнікі Ірада, наадварот, падтрымлівалі рымскія падаткі. Хаця яны не любілі адзін аднаго, тым не менш былі аб’яднаны ў барацьбе з Езусам з мэтай Яго дыскрэдытаваць і такім чынам пакончыць з Ім.

Аднак, як паказвае сённяшняе Евангелле, не яны дыскрэдытавалі Езуса, але Ён іх. Абедзве групы былі габрэямі і выгравіраваныя выявы Бога ўспрымалі як парушэнне першай Божай запаведзі, якая прадпісвае не ўсхваляць іншых багоў. Ніводны габрэй не мог ушаноўваць ідалаў. У юдаізме статуі і выявы Бога былі забаронены і ўспрымаліся як ідалапаклонства.

2. Што робіць Езус пасля таго, як Яму задалі каверзнае пытанне? Ён просіць манету. На рымскіх манетах была выгравіравана выява цэзара Тыберыя, які апаганіў гэту святыню. На адным баку манеты было напісана, што цэзар – сын боскага Аўгуста. Другі бок манеты называў яго Галоўным святаром. Гэта азначае, што цэзар прысвойваў сабе тытул не толькі палітычнага валадара, але і боскага. Такая выява і надпіс былі абсалютна непрымальныя для габрэяў, бо ўспрымаліся як блюзнерскае ідалапаклонства.

Тут трэба заўважыць, што апісаныя ў Евангеллі падзеі адбываліся ў Ерузалемскай святыні. Ніводны нармальны габрэй ніколі не зайшоў бы ў самае святое месца, якім была Ерузалемская святыня, з рымскімі грашыма, а фарысеі і прыхільнікі Ірада зайшлі. Гэтым самым яны самі сябе дыскрэдытавалі.

Калі б Езус адказаў на пытанне сабраных у Ерузалемскай святыі габрэяў, ці належыць плаціць падатак цэзару, што трэба плаціць, то Яго палічылі б здраднікам. Калі б сказаў, што не, то Яго арыштавалі б як ворага рымскага імператара.

Аднак Езус знайшоў выйсце са складанай сітуацыі. Узяўшы манету, Ён найперш спытаў, чыя выява знаходзіцца на ёй. Атрымаўшы адказ, што цэзара, адказаў: “Аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу”.

3. Гэтым адказам Езус паставіў усё на сваё месца і падкрэсліў праўду аб тым, што, калі Яго апаненты клапоцяцца пра тое, ці можна плаціць падатак цэзару, то павінны выяўляць яшчэ большы клопат у служэнні Богу і выконванні Яго запаведзяў. Іншымі словамі, мы павінны аддаваць манету цэзару, бо на ёй знаходзіцца яго выява і ён яе гаспадар. Але мы таксама павінны аддаваць Богу саміх сябе, бо мы створаны па Яго вобразу і падабенству і Ён наш гаспадар.

Так Езус нас вучыць, што належным чынам мы выконваем нашы абавязкі адносна грамадства, калі падпарадкоўваемся справядлівым дзяржаўным законам, у тым ліку плацім падаткі, і працуем на карысць грамадства. Мы таксама належным чынам выконваем нашы абавязкі адносна Бога, калі выконваем Яго волю.

Адказ Езуса прызнае нашыя абавязкі адносна грамадства і Бога. Як грамадства, так і Бог патрабуе нашай лаяльнасці, але пры гэтым трэба памятаць аб тым, што мы абавязаны Богу нашым жыццём. Таму пытанне, якое габрэі задалі Езусу, можа быць перафразавана ў наступнае: “На якім баку ты? На баку Бога ці Рыма?” Адказ Езуса недвухсэнсоўны: “На баку Бога!”

4. Паводле месца нашага нараджэння мы становімся грамадзянамі краіны, у якой нарадзіліся. Аднак дзякуючы хросту, які з’яўляецца новым духоўным нараджэннем, мы таксама сталі грамадзянамі Божага Валадарства. Такім чынам, пра нас, як хрысціян, можна сказаць, што мы маем двайное грамадзянства – свецкае і боскае, што накладвае на нас двайныя абавязкі: адносна грамадства і адносна Бога.

Гісторыя хрысціянства сведчыць аб тым, што хрысціяне заўсёды павінны былі вырашаць дылему паміж патрабаваннямі цэзара і Бога. Такая праблема актуальная і ў наш час. Адказ Езуса дапамагае ў яе вырашэнні паводле прынцыпу: добры хрысціянін з’яўляецца добрым грамадзянінам. Каб выканаць вучэнне Езуса аб адносінах паміж грамадствам і верай, мы павінны кіравацца прынцыпам, што служым грамадству, не парушаючы Божага закону.

Аддаць належнае цэзару азначае працаваць сумленна і клапаціцца пра дабрабыт грамадства. Аддаць належнае Богу азначае выконваць Яго закон, штодзённа маліцца, прымаць удзел у нядзельнай і святочнай Эўхарыстыі, клапаціцца пра рэлігійнае выхаванне маладога пакалення і г.д.

Нарэшце, аддаць цэзару цэзарава, а Богу – Божае азначае адказаць на наступныя пытанні: чым мы найбольш зацікаўлены – матэрыяльнымі ці духоўнымі справамі? Чыю выяву прадстаўляе наша жыццё – боскую ці свецкую? Што выгравіравана на нашых сэрцах – даляр ці вобраз Езуса?

5. Калі англійскі кароль Генрых VIII у XVI стагоддзі аб’явіў сябе главой заснаванай ім Англіканскай Царквы, то запатрабаваў, каб усе яго падданыя адракліся ад каталіцкай веры. Яго верны канцлер св. Томас Мор адмовіўся, за што быў асуджаны на смерць. Яго апошнія словы гучалі так: “Я верны слуга караля, але ў першую чаргу я служу Богу”.

З нашага зямнога і нябеснага грамадзянства вынікаюць нашы правы і абавязкі, якія не павінны канфліктаваць паміж сабой. А калі б так адбылося, то мы павінны следаваць прыкладу св. Томаса Мора без кампрамісу з Богам і сумленнем. Амэн.

Абноўлена 23.10.2017 14:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця