Пошук

16.10.2017 14:38   Фота: Арцём Кір'янаў / Фота: Уладзіслаў Козел / Catholic.by

14 кастрычніка, у 75-ю гадавіну мучаніцкай смерці ксяндза Мечыслава Багаткевіча і стогадовы юбілей аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме, біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка наведаў з пастырскай візітацыяй парафію Св. Юзафа ў Лунінцы.

У рамках візітацыі біскуп заслухаў справаздачу аб стане парафіі і сустрэўся з касцёльным камітэтам. Святая Імша, якую ўзначаліў іерарх, стала знакавай падзеяй, бо менавіта ў гэтым касцёле нёс служэнне кс. Вацлаў Пянткоўскі, у падпольнай семінарыі якога біскуп Антоні распачынаў свой святарскі шлях.

Лунінец — месца служэння ксяндза Багаткевіча

Касцёл у Лунінцы быў зачынены і больш за 50 гадоў выкарыстоўваўся для іншых мэтаў. Катэхет парафіі кс. Мечыслаў Багаткевіч, выпускнік Пінскай духоўнай семінарыі, быў расстралены гітлераўцамі зімой 1942 года.

«Сёння цэлебруючы св. Імшу з нагоды 75 гадавіны мучаніцкай смерці благаслаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча дзякуем Пану Богу за Яго любоў да Касцёла, які заснаваў і з’яўляецца яго кіраўніком», — адзначыў біскуп.

З біяграфіі благаслаўлёнага

Ксёндз Мечыслаў Багаткевіч нарадзіўся на Віцебшчыне каля Дуніловіч. Навучаўся ў Будславе, Докшыцах. Затым паступіў у духоўную семінарыю пры Слузе Божым Зыгмунце Лазінскім біскупе ў Навагрудку, прадоўжыў фармацыю ў Пінскай духоўнай семінарыі на Палессі, і атрымаў святарства ў Пінскай катэдры.

Здабыў веды па педагогіцы ў Варшаўскім універсітэце. Быў катэхетам гімназіі ў Лунінцы, душпастырам на Браслаўшчыне. Пасля ва Усходняй Беларусі ўзнаўляў рэлігійнае жыццё ў Дрысе. Папярэджаны вернікамі аб небяспецы ад гітлераўскіх уладаў, застаўся з вернікамі. У студзені 1942 года з іншымі святарамі быў арыштаваны і змешчаны ў вязніцу.

Не скарыстаўся магчымасцю ўцёкаў дзеля таго, каб не цярпелі іншыя, закладнікі. Перад смерцю выспавядаўся і цэлебраваў святую Імшу. У развітальным лісце да родных дараваў грэх забойцам, молячыся аб іх навяртанні. Памёр са словамі на вуснах: «Няхай жыве Хрыстус Валадар». Быў расстраляны карнікамі зімой 1942 года разам з іншымі святарамі ва ўрочышчы Баркі каля Глыбокага, у месцы масавай казні ахвяр гітлераўцаў, дзе падчас Другой сусветнай вайны загінула каля 27 тысяч чалавек.

Святар і чалавек

У гісторыі Касцёла ў Беларусі такіх адважных святароў было шмат, як адзначыў біскуп Пінскі: «Яны мужна паступалі бо, "Душы справядлівых у руках Бога, і не дасягне іх мука. Здалося вачам неразумных, што яны памерлі, іх зыход лічылі няшчасцем, а яны трываюць у спакоі" (Муд. 3,1-3).

Як адзначыў біскуп, ксёндз Мечыслаў хоць і быў забіты як малады святар і чалавек, але не зышоў у нябыт. Праз дзесяцігоддзі адрадзілася парафія апошняга служэння святара у Дрысе. Таксама адрадзілася парафія першага служэння катэхетам тут у Лунінцы, нанова была адроджана духоўная семінарыя ў Пінску, дзе атрымаў фармацыю будучы святар мучанік.

«Разважаючы чыста па чалавечы, то ён тады прайграў — прайграў жыццё, — сказаў біскуп. — Але варта спытацца: у чым сіла яго мужнасці і адвагі? Адказ дае святы Павел у словах: ”Калі Бог з намі, то хто ж супраць нас? Хто нас можа адлучыць ад любові Хрыста?” Націскі, маркота, пераслед, голад ці галеча, небяспека ці меч? (Рым.8,31.35). Моцай благаслаўлёнага Мечыслава была сталая вера і любоў да Бога. Яны былі фундаментам яго жыцця і пастырскага служэння.  Без адносін да Бога жывога намарна шукаць адказу на пытанне пра сэнс тых здарэнняў мінулай вайны».

«Благаслаўлёны Мечыслаў з’яўляецца для нас узорам, бо ён да апошняй хвіліны, да апошняй кроплі крыві служыў  Богу ў Касцёле, — падкрэсліў біскуп. — Благаслаўлёны Мечыслаў выпрошвай нам ласку адвагі веры. Выпрошвай нам ласку любові, якая мацнейшая ад страху і смерці.   Вучы нас  разумець Касцёл як Містычнае Цела Хрыста. Вучы нас не баяцца хацець і імкнуцца стаць святымі».

Напрыканцы набажэнства навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага падзяліліся сведчаннямі пра сваё пакліканне.

Абноўлена 16.10.2017 17:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.