Пошук

10.10.2023 10:20   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: кс. Сцяпан Цэргель SVD / Catholic.by

7 верасня, ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай, у горадзе Лунінцы (Пінская дыяцэзія) адбылася рэкансэкрацыя парафіяльнага касцёла святога Юзафа. Урачыстую цэлебрацыю літургіі з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

На пачатку святой Імшы, вітаючы сабраных у адноўленай святыні духавенства і вернікаў, іерарх адзначыў, што гэтая ўрачыстасць у Пінскай дыяцэзіі мае падвойнае вымярэнне.

Перадусім яна дала старт духоўнай падрыхтоўцы лунінецкай парафіі да 25-годдзя з часу беатыфікацыі благаслаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, які пасля заканчэння Пінскай духоўнай семінарыі быў душпастырам у Лунінцы ў 1930-я гады, а падчас Другой сусветнай вайны загінуў мучаніцкай смерцю ад рук гітлераўцаў у 1942 годзе.

У 1999 годзе Папа Ян Павел ІІ узнёс яго і яшчэ 107 мучанікаў Другой сусветнай вайны да хвалы алтара. У Лунінцы жывая памяць і пашана да святара-мучаніка.

Акрамя таго, урачыстасць у Лунінцы адбывалася ў юбілей 25-годдзя з часу біскупскага пасвячэння Антонія Дзям’янкі.

Прыгожае аднаўленне касцёла ў Лунінцы і яго рэкансэкрацыя сталі адмысловым падарункам пастыру ад парафіяльных супольнасцяў Пінскай дыяцэзіі, якія ўсе разам прыклалі шмат намаганняў, каб дапамагчы лунінецкай парафіі падрыхтаваць святыню да пасвячэння менавіта на дні святкавання юбілею свайго біскупа.

Касцёл святога Юзафа ў Лунінцы быў пабудаваны і пасвячаны Слугой Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім у 1931 годзе замест ранейшай разбуранай святыні ў гэтай мясцовасці. Кансэкраваў касцёл тагачасны біскуп Пінскі Казімір Букраба ў 1935 годзе. У часы атэізму святыня была забрана ў парафіі і выкарыстоўвалася для іншых мэтаў. На пачатку 1990-х гадоў дзякуючы намаганняў тутэйшых вернікаў касцёл быў вернуты парафіі. Сёлета адбылася яго рэкансэкрацыя.

 

Абноўлена 13.10.2023 11:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця