Пошук

06.10.2017 10:37   Ганна Якімовіч / Catholic.by

3 кастрычніка ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Маладзечна (ЦКРНіР) прайшло ўрачыстае адкрыццё кухні.

Дзякуючы сумеснаму праекту «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Мальтыйскай службы дапамогі дыяцэзіі Падэрборн (Германія) у кухні намаганнямі супрацоўнікаў цэнтра былі зроблены рамонт і поўная замена абсталявання.

У Цэнтры прабывае больш за 130 дзяцей-выхаванцаў з асаблівасцямі псіханеўралагічнага развіцця, 60 з іх — стацыянарныя.

Супрацоўнікі дабрачыннай каталіцкай місіі «Карытас», а таксама прадстаўнік Мальтыйскай службы дапамогі Міхаэль Даемен прынялі ўдзел у свяце, якое было арганізавана тымі, хто днём і ноччу працуе на карысць Цэнтра.

Дырэктар ЦКРНіР Анжаліка Шэпяленка выказала ўдзячнасць тым, хто прычыніўся да рамонту кухні: «У першую чаргу я хачу падзякаваць “Карытас”. Гэта нашы галоўныя і першыя памочнікі. Мы вельмі ўдзячныя за гэтую магчымасць, бо нашаму старому абсталяванню было ўжо 40 гадоў, яно было зусім зношанае. Айцец Андрэй, дырэктар “Карытас” Мінска, знайшоў людзей, якія былі гатовы адгукнуцца і дапамагчы. А сам рамонт рабілі разам — і супрацоўнікі Цэнтра, і бацькі. Усё сваімі сіламі і ўсяго за два месяцы».

Знаходзячыся ў асяроддзі супрацоўнікаў Цэнтра, звяртаеш увагу на іх клапатлівае стаўленне да дзяцей — разам з дзецьмі яны робяць цудоўныя вырабы, вучаць іх, супольна праводзяць час.

Супрацоўніцтва «Карытас» з Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, са слоў айца Андрэя, пачалося спантанна: «Мы шукаем людзей, якія ў чым-небудзь маюць патрэбу. У дадзеным выпадку мы прыехалі паказаць нашым партнёрам з Мальтыйскай службы дапамогі, як выглядае карэкцыйны цэнтр у Маладзечне. Мы не маглі не звярнуць увагу, што кухня зусім у дрэнным стане і ёсць неабходнасць у яе рамонце. Нашы партнёры згадзіліся нам дапамагчы ў гэтым праекце, і мы сумеснымі намаганнямі закупілі абсталяванне і ўсё неабходнае. За што шчыры ім дзякуй».

«Гэта вялікая радасць, калі робіцца дабро, хоць і невялікае. Гэта заўсёды прыемна і менавіта гэта мае сэнс і значэнне. Таму мы вельмі рады, што можам быць сёння з вамі, цешыцца і прымаць удзел у гэтым свяце. Наша арганізацыя, “Карытас”, у перакладзе азначае “любоў”. Лічу, што гэта варта запомніць, таму што праз любоў і дзеля любові мы тут, каб дапамагчы вам. Запрашаю вас разам з намі чыніць яшчэ больш дабра, каб праз гэта быць яшчэ больш шчаслівымі. Дзякуй вам, што вы ёсць», — звярнуўся айцец Андрэй да прысутных на свяце Цэнтра.

«Супрацоўнікі “Карытас” прапанавалі нам прыняць удзел у гэтым праекце, і я з нецярплівасцю чакаю, калі ўбачу, што з гэтага атрымалася. Але ўжо зараз я магу з упэўненасцю сказаць, што прыемна здзіўлены, наколькі хутка, за такі кароткі час, усё было зроблена. І калі бачыш такіх моцных жанчын, якія за ўсё гэта ўзяліся, то ні на момант не дапускаю сумневу, што ўсё атрымалася!» — адзначыў Міхаэль Даемен.

Пасля афіцыйнага адкрыцця прайшла адмысловая экскурсія па новай кухне, знаёмства з тымі, хто на ёй працуе, і супольны абед, прыгатаваны з выкарыстаннем новага абсталявання.

Абноўлена 06.10.2017 12:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа