Такая прапанова прагучала 4 кастрычніка ад галоўнага акушэра-гінеколага камітэта па ахове здароўя Міндзяржвыканкама Аксаны Кароткіх. Сваю ініцыятыву спецыяліст абгрунтоўвае тым, што ў прыватных медцэнтрах не праводзяць перадабортнага кансультавання.
«Вялікая колькасць перарыванняў цяжарнасці робіцца ў камерцыйных медыцынскіх цэнтрах. Забараніць аборты нельга, але, магчыма, варта пазбавіць камерцыйныя медцэнтры ліцэнзіі на правядзенне такіх працэдур», — паведаміла Аксана Кароткіх, якая таксама з’яўляецца загадчыцай жаночай кансультацыі 37-й гарадской паліклінікі Мінска.
Спецыяліст лічыць, што перарываць цяжарнасць па жаданні жанчын трэба толькі пасля перадабортнага кансультавання. Паводле статыстыкі кабінетаў псіхалагічнай дапамогі цяжарным «За жыццё», каля 14-16% жанчын пасля размовы з гінеколагам і псіхолагамі адмаўляюцца ад першапачатковага рашэння.
«Перадабортнае кансультаванне дазваляе больш узважана падыходзіць да такога важнага ў жыцці рашэння. Прыватныя цэнтры не зацікаўлены ў гэтым», — лічыць Аксана Кароткіх.