Пошук

30.09.2017 20:52   Пераклад: Мікола Гракаў / Catholic.by

30 верасня

Мінск, касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы

Касцёл любіць Еўропу і верыць у яе будучыню: Еўропа — гэта не толькі пэўная зямля, а духоўнае заданне. На пленарным пасяджэнні, якое прайшло ў Беларусі, у Мінску, мы пацвердзілі свой абавязак з энтузіязмам удзельнічаць у шляху кантынента, які мае штосьці вялікае, чым можа падзяліцца з усімі ў парадку ўзаемасувязі.

Заданне нашай Рады ў тым, каб развіваць лучнасць паміж пастырамі ў розных краінах і знаходзіць шляхі, каб голас Пана Езуса зноў загучаў у сэрцы «еўрапейскага чалавека», культуры і грамадства: годнасць чалавечай асобы дзе ж яшчэ можа знайсці для сябе больш надзейную апору, калі не ў Езусе Хрысце, Сыне Божым, які стаўся чалавекам? Гэта — унікальны ўнёсак хрысцінства ў еўрапейскую тоеснасць, і два тысячагоддзі міласэрнасці, мастацтва, культуры з’яўляюцца жывым таго сведчаннем.

З найлепшымі пачуццямі мы далучаемся да пажадання Святога Айца Францішка «новага і адважнага ўздыму для гэтага ўзлюбленага кантыненту». Мы не можам застацца ў баку ад гэтага ўздыму, усведамляючы, што з’яўляемся пасланцамі радаснай навіны. Пасланне, за якое мы нясём адказнасць перад светам, узнёслае і магутнае, але мае слабыя прылады. Хрыстова Евангелле — гэта спрадвечная крыніца гісторыі Еўропы, яе гуманнай цывілізацыі, дэмакратыі, правоў і абавязкаў чалавека. Гэта таксама іх найбольш надзейная гарантыя!

Нягледзячы на штуршкі, якія намагаюцца ізаляваць, мы верым у гэтае адзінства духоўных і этычных ідэалаў, якія заўсёды з’яўляюцца душою і лёсам Еўропы. Таксама, як мы верым і ў няспынны шлях паяднання, які з’яўляецца часткай не толькі гісторыі, але і жыцця, які вядзе да павагі і да належнага прызнання розных традыцый і рэлігій без аніякага экстрэмізму.

Адкрытасць для рэлігіі, для трансцэндэнтнага, для салідарных узаемаадносінаў, для еднасці, атрымала свой канкрэтны выгляд у Евангеллі і паказала ўнікальную годнасць асобы; натхняла не заўсёды просты шлях Еўропы, на якім былі таксама абмежаванні і памылкі. Тая самая з’ява іміграцыі асветлена гэтым духам, у знаку гасціннасці, інтрэграцыі і законнасці, нягледзячы на цяжкасці і страхі, з усведамленнем рабіць намагані для належнай супольнай адказнасці.

Народам і краінам мы адрасуем нашае заахвочванне даць адказ нават на моцныя прывабы секулярызму, які штурхае на тое, каб жыць без Бога ці да таго, каб абмежаваць Яго толькі ў прыватнай прасторы, падмацоўваючы парастак індывідуалізму і нараджаючы самотнасць. Між іншым, вядома, наколькі адкрытасць для жыцця на ўсіх яго этапах з’яўляецца паказчыкам надзеі, а ўзровень нараджальнасці — найлепшым у дзяржаве паказчыкам здароўя грамадства.

Менавіта рэчаіснасць моладзі — тэма наступнага Сіноду біскупаў Касцёла — стала другой тэмай нашай супольнай увагі. З боку еўрапейскіх епіскапатаў праявілася вялікая сімпатыя, якая перайшла ў малітву, у большую блізкасць, у жаданне слухаць і спадарожнічаць моладзі з цярплівасцю і любоўю.

Касцёл моцна верыць у моладзь, мае да яе павагу і давер, як маці да сваіх дзяцей. Падчас працы ўсплылі таксама пэўныя занепакоенасці, а між іншым аморфная культура, якой усе мы дыхаем, распаўсюджванне і пагаршэнне індывідуалізму, што нараджае няўпэўненасць і самотнасць, а таксама некаторыя канфлікты і несправядлівасць, якія яшчэ і сёння наносяць шкоду вялікаму дабру міра. Гэта матывы, якія пацвярджаюць наш абавязак быць поплеч з імі; даць адчуць, што Евангелле — гэта вялікае «так» жыццю, любові, свабодзе, радасці: гэта «так» Хрысту.

На гэтым шляху нашы супольнасці з намі і з нашымі святарамі, каб быць знакам надзеі, еднасці, дзейснай добразычлівасці: глыбокі і жывы корань — гэта Хрыстус, які прамаўляе да сэрца і да розуму кожнага жыхара кантыненту, каб даць магчымасць адшукаць сябе па-за палітыкай і эканомікай.

Нам бы хацелася, каб слова Езуса дасягнула сэрца Еўропы: «Не бойся, Я з табою». Не бойся, старажытная Еўропа, быць сама сабою, вярніся на шлях айцоў, якія марылі пра цябе як пра дом народаў і краін, як пра плодную маці дзяцей і цывілізацый, як пра зямлю адкрытага і цэласнага гуманізму. Так, не бойся, май давер! Касцёл, які з’яўляецца спецыялістам у чалавечнасці, — твой сябра: з позіркам, скіраваным на Хрыста і з Евангеллем у руках ён разам з табою ідзе да будучыні паяднання, справядлівасці і міру.

Абноўлена 30.09.2017 23:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця