Пошук


20 верасня ў Мінску афіцыйна распачаў працу першы некамерцыйны Цэнтр псіхалагічнай падтрымкі для бацькоў-усынавіцеляў «Родныя людзі».

Як паведаміла Сatholic.by каардынатар праекта Вольга Галаўнёва, усё распачыналася яшчэ восем гадоў таму, калі Вольга працавала ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення, дзе праходзіць навучанне для бацькоў-усынавіцеляў. Разумеючы патрэбу суправаджэння такіх сем'яў, Вольга Галаўнёва пачала арганізоўваць адмысловыя сустрэчы для сем’яў з усыноўленымі дзецьмі.

З цягам часу ўзнікла ідэя арганізоўваць летнія фестывалі для сем'яў-усынавіцеляў, якія ўключаюць не толькі супольнае правядзенне часу, адпачынак, спартыўныя і святочныя мерапрыемствы, але і адукацыйныя праграмы, трэнінгі, кансультацыі псіхолагаў, а таксама духоўнае кіраўніцтва.

Адзін з фестываляў ладзіўся на тэрыторыі праваслаўнага Свята-Елісееўскага Лаўрышэўскага мужскога манастыра ў Навагрудскім раёне.

Як падкрэсліла Вольга Галаўнёва, духоўнай складальнай фестывалю цікавяцца не толькі практыкуючыя праваслаўныя. Ёсць і тыя, хто ў штодзённасці не надае ўвагі пытанню веры, але ў кантэксце зносін з іншымі сем’ямі-ўсынавіцелямі пачынае цікавіцца духоўнымі каштоўнасцямі, наведвае святыню.

Акрамя летніх фестываляў штомесяц праводзяцца сустрэчы для сем’яў, падчас якіх бацькі могуць атрымаць кваліфікаваную дапамогу, падзяліцца паміж сабой досведам і перажываннямі. Гэтыя сустрэчы, як дадала каардынатар праекта, карысныя і для дзяцей — яны бачаць, што не адны такія.

За гады працы з сем’ямі-ўсынавіцелямі Вольга Галаўнёва ўбачыла, што дзякуючы кваліфікаваму суправаджэнню бацькі становяцца больш адкрытымі і перастаюць захоўваць таямніцу ўсынаўлення, што робіць іх больш свабоднымі і шчаслівымі, а таксама дае станоўчы прыклад тым людзям, якія не рашаюцца на ўсынаўленне.

«Таксама ў сацыяльных сетках у нас ёсць закрытая супольная група, у якой звыш ста чалавек трываюць у пастаянных зносінах, — дадала каардынатар праекта. — Увогуле мы стабільна працуем прыкладна са 100 сем’ямі. Некаторыя прыходзяць разава».

На сёння цэнтр існуе толькі на ахвяраванні і спонсарскую дапамогу.

Кожны, каму цікавая тэма ўсынаўлення, можа звярнуцца да каардынарата праекта Вольгі Галаўнёвай, псіхолага, спецыяліста па сямейным уладкаванні:
+375 (29) 664-38-26
psygolos@gmail.com

Абноўлена 26.09.2017 14:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.