Выстаўка «Беларусь: адраджэнне духоўнасці» адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску 7 верасня. У ёй прымаў удзел міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.
Міністр адзначыў, што галоўнай нагодай да стварэння праекта паслужыла постаць Францішка Скарыны. «Гэта асоба, якая для мяне з’яўляецца адной з самых вялікіх загадак у культуры, — адзначыў Барыс Святлоў. — Скарына — выбітны дзеяч беларускай культуры, які спалучыў у сабе вялікую колькасць талентаў».
Адно з цэнтральных месцаў на экспазіцыі займае Пражскае выданне Бібліі Скарыны 1517 года. На пастаяннай аснове яно захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Кнігу прывезлі ў Мінск спецыяльна для выстаўкі.
Таксама на выстаўцы можна пабачыць дзеючы станок для друку, з дапамогай якога кожны наведвальнік можа замовіць копію гравюры беларускага першадрукара.
У адкрыцці прыняў удзел канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітрый Пухальскі.