Пошук

07.09.2017 11:40   Catholic.by

7 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў касцёле св. Людвіка ў Мюнхене, у межах Міжнароднага кангрэса «Рэнавабіс», які распачаўся тут напярэдадні.

Мітрапаліт узначальвае беларускую дэлегацыю на кангрэсе, у якім удзельнічаюць каля 200 прадстаўнікоў з 28 краін. Форум праходзіць пад дэвізам «Крызіс як шанец для Еўропы. Адказнасць Цэркваў».

архіўнае фота

Імша цэлебравалася на нямецкай мове, гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч прамовіў на англійскай.

Разважаючы над літургічным чытаннем Евангелля на гэты дзень, якое распавядае пра цудоўны ўлоў рыбы на возеры Генісарэт, іерарх адзначыў: «Кажучы чыста па-чалавечы, Пётр знаходзіўся ў вялікім крызісе, бо на працягу ночы нічога на злавіў, а паплечнікам Яну і Якубу трэба было плаціць за іх працу. Аднак Езус яго выратаваў».

«Каб пераадолець крызіс, Еўропе трэба вярнуцца да хрысціянскіх каранёў»

«21-ы Міжнародны кангрэс “Рэнавабіс” разважае над пытаннем, як сучасны крызіс можа стаць магчымасцю адраджэння Еўропы і якой павінна быць роля Касцёла ў гэтым працэсе. На самой справе наш кантынент перажывае шматлікія крызісы: эканамічны, фінансавы, дэмаграфічны, міграцыйны і г.д. Палітыкі, эканамісты, навукоўцы шукаюць шляхоў іх вырашэння. На жаль, вельмі часта яны не прызнаюць таго, што галоўнай прычынай гэтых крызісаў з’яўляецца духоўны крызіс», - заўважыў арцыбіскуп.

«Аслеплены самадастатковасцю, сучасны чалавек узурпіруе права вырашаць, что Божы закон больш не з’яўляецца актуальным. Захоплены ілюзорным шчасцем, якое праходзіць, як туман, ён трапляе ў стан дэпрэсіі і бессэнсоўнасці жыцця і не ведае, як з яго выйсці. Зло ўсё больш распаўсюджваецца ў свеце, і Касцёл атакуецца за абвяшчэнне нязменных прынцыпаў Евангелля. Такім з’яўляецца свет, які мы творым і ў якім мы жывём», - звярнуў увагу Мітрапаліт. Іерарх падкрэсліў, што «спробы вырашыць праблемы Еўропы, з якімі яна змагаецца без вяртання да хрысціянскіх каранёў, падобныя да бінтавання раны без папярэдняга выкарыстання адпаведных лекаў, што можа толькі пагоршыць хваробу».

«Еўропа не зможа пераадолець хваробу сучаснага крызісу, калі не вернецца да хрысціянскіх каранёў. Без гэтага такія еўрапейскія каштоўнасці, як свабода, справядлівасць, годнасць чалавека, пашана да агульнага грамадскага дабра і іншыя будуць цяжка зразумелымі», - дадаў арцыбіскуп.

Па словах Мітрапаліта, у гэтых абставінах «першаснай задачай Касцёла з’яўляецца абудзіць Еўропу з духоўнай летаргіі і дапамагчы перамагчы яе духоўную хваробу, накіроўваючы да духоўнага лекара, якім ёсць Езус Хрыстус».

«Пасхальная літургія называе віну Адама благаслаўлёнай. Таму, Еўропа, не бойся паглядзець у вочы сучаснаму крызісу. Ён таксама можа стаць благаслаўлёным для цябе, калі ты даверыш сябе ў рукі Езуса, які ўчыніць цуд улову духоўнай рыбы і прывядзе да вырашэння існуючага крызісу», - заключыў іерарх.

Абноўлена 08.09.2017 10:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа