Пошук

04.09.2017 11:29   Фота: Іна Басалыга / Catholic.by

Урачыстае распачацце новага навучальнага года ў Мінскім тэалагічным каледжы прайшло 2 верасня ў касцёле свв. Сымона і Алены. Святую Імшу з удзелам выкладчыкаў і навучэнцаў установы ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

У каледжы гэты навучальны год ужо восьмы. На сёння ўстанову скончылі 59 чалавек. Большасць з іх паспяхова служаць Касцёлу ў якасці катэхетаў і ў іншых касцёльных установах.

А некаторыя, як падкрэсліў іерарх, «непасрэдна не звязаны са служэннем у Касцёле, але сваімі ведамі і сведчаннем з’яўляюцца евангельскай закваскай у грамадстве, якое патрабуе Божага слова і вучэння Касцёла».

Арцыпастыр адзначыў таксама, што акрамя падрыхтоўкі катэхетаў у каледжы цяпер рыхтуюць кантараў і супрацоўнікаў касцёльных сродкаў масавай камунікацыі.

     

«Сайт Catholic.by павінен папаўняцца звесткамі з парафій і рэгіёнаў, а для гэтага павінен быць хтосьці, хто іх кваліфікавана падрыхтуе. Таксама ствараюцца і развіваюцца парафіяльныя сайты, якія патрабуюць адпаведна падрыхтаваных журналістаў. Для гэтага ёсць усе магчымасці. Акрамя тэарэтычных заняткаў можна паспрабаваць сябе на сайце Сatholic.by, на “Радыё Марыя”, якое ўжо некалькі месяцаў паспяхова дзейнічае, ці супрацоўнічаючы з рэдакцыяй выдавецтва “Про Хрысто”», — дадаў іерарх.

«У многіх, асабліва невялікіх, парафіях ахілесавай пятой з’яўляюцца касцёльныя спевы і арганізацыя хору, — працягваў Мітрапаліт. — Спадзяюся, што каледж зможа дапамагчы ў вырашэнні праблемы падрыхтоўкі як касцёльных журналістаў, так і кіраўнікоў парафіяльных хораў».

У гаміліі арцыбіскуп засяродзіўся на змесце Евангелля на гэты дзень, у аснове якога — прыпавесць пра таланты.

«Сённяшняе Евангелле — гэта вялікі ўрок для нас. Кожны з нас атрымаў ад Бога нейкія дары, скажам так, таланты. І Бог чакае, што мы іх не закансервуем, але адпаведна выкарыстаем, каб яны прынеслі як мага большую карысць. Да гэтага заклікае нас і сённяшні дзень распачацця новага навучальнага года. Ён вельмі важны, бо нясе новыя надзеі на будучыню і таксама, у пэўнай меры, вызначае, якой яна будзе», — адзначыў іерарх.

  

«На дарозе нашага жыцця адна маленькая памылка на пачатку можа прывесці да катастрофы і завесці далёка ад шчасця, якога жадаем і да якога імкнёмся. Таму з першых дзён неабходна з усёй сур’ёзнасцю брацца не толькі за навуку, але і за сваю духоўную фармацыю», — нагадаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Звяртаючыся да катэхетаў, іерарх падкрэсліў, што людзі хочуць бачыць духоўных лідараў, з якіх можна браць прыклад. «Святы папа Пій Х дэвізам свайго служэння абраў словы: “Усё аднавіць у Хрысце”. Такога аднаўлення патрабуе Касцёл, свет і наша грамадства. Але аднаўленне наступіць толькі тады, калі наша жыццё будзе напоўнена Божым словам, якое заўсёды актуальнае і дзейснае, і вучэннем Касцёла», — сцвердзіў арцыпастыр.

«У Святым Пісанні ёсць два паняцці часу, якія на грэчаскай мове выражаюцца словамі “хронас” і “кайрос”. Хронас — гэта час, які адлічвае гадзіннік, час механічны і незалежны ад нас. Кайрос — гэта час сэрца, які адмяраецца не гадзіннікам, але дзейнасцю Найвышэйшага, які з’яўляецца Панам часу і гісторыі. (...) Таму, дарагія навучэнцы каледжа, не замыкайцеся ў перспектыве часу хронас, каб толькі дачакацца канца навучальнага года. Жывіце часам кайрос, належным чынам выкарыстоўвайце яго і таланты, якімі Бог вас адарыў, каб час, які перад вамі, з Божай дапамогай сапраўды стаў часам інтэлектуальнай і духоўнай фармацыі на карысць Касцёла і для нашага збаўлення», — заключыў іерарх.

Падчас інаўгурацыйнай сустрэчы з тэматычным дакладам да навучэнцаў звярнуўся кс. магістр Аляксандр Шамрыцкі MIC, пасля чаго арцыбіскуп Тадэвуш уручыў студэнтам І курсу заліковыя кніжкі.

Абноўлена 04.09.2017 11:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.