Пошук


Ва ўрачыстасцях, якія адбыліся ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе, прыняў удзел і Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік, які маліўся разам з вернікамі падчас цэнтральнай святой Імшы 19 жніўня.

«На гэтай урачыстасці я прысутнічаю ўпершыню, хаця Браслаў наведваю ўжо не першы раз. Для мяне вялікая радасць, што я запрошаны на гэтую ўрачыстасць разам з супрацоўнікамі пасольства. Культ Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта тое, што  аб’ядноўвае беларусаў і палякаў.

На працягу апошніх некалькіх месяцаў я наведаў некалькі марыйных санктуарыяў у Беларусі. Ліпень-жнівень — гэта асаблівы час пілігрымавання і наведвання марыйных санктуарыяў. Радуюся, што ў гэтых урачыстасцях — важных не толькі для беларусаў, але і для палякаў — магу ўдзельнічаць разам з вернікамі ўсёй Беларусі, не толькі Браслаўшчыны. Ведаю, што тут прысутнічаюць і пілігрымы з Польшчы», — адзначыў Конрад Паўлік.

«Для мяне вельмі важна, што я магу браць удзел у гэтых урачыстасцях разам з мясцовымі ўладамі, з якімі нашае супрацоўніцтва развіваецца вельмі добра, — працягваў Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі. — Тут, у Браславе, мы ўжо рэалізавалі разам некалькі праектаў. Так, тры месяцы таму мы адкрылі парусную школу на возеры Дрывяты разам з губернатарам Віцебскай вобласці. Я вельмі цешуся, што ўлады Браслаўшчыны адкрытыя на супрацоўніцтва з Польшчай. Гэта чарговы элемент, які нас аб’ядноўвае. Мы і надалей жадаем працягваць гэтае супрацоўніцтва». 

«Мы маем не толькі частку агульнай гісторыі, але і сёння, развіваючы супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, ствараем новую старонку ў гісторыі, і для мяне вялікі гонар, што мы разам адкрываем чарговыя раздзелы ў гэтых адносінах, у добрай атмасферы, і будуем давер, асабліва паміж лакальнымі ўладамі».

Кажучы адносна пытання памяці, закранутага ў гаміліі Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Габара Пінтэра, пасол адзначыў: «Без добрага разумення гісторыі і без памяці пра мінулае чалавек не будзе ў стане будаваць добрай будучыні — вартаснай і праўдзівай. І я разумею, што зварот у гаміліі арцыбіскупа да гэтай тэмы меў падобнае гучанне: вельмі важна добра зразумець сваё мінулае і сваю гісторыю, бо будаванне сваёй будучыні адбываецца менавіта на добрым разуменні свайго мінулага.

Урачыстасці ў Браславе ў гонар Маці Божай адбываюцца ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў. Дбанне пра месца памяці — рэлігійнае, гістарычнае ці культурнае — гэта спадчына, якую будуе дзяржава, што важна для яе тоеснасці і грамадства. Без дбання пра гэта, без разумення гэтай вартасці цяжка будаваць сваю будучыню».

Абноўлена 24.08.2017 16:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа