Пошук

02.10.2024 20:06   Паводле: Марына Сінкевіч / Фота: Леанід Юрык / Catholicnews.by

1 кастрычніка ў базыліцы Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе (Віцебская дыяцэзія) сястра Кацярына Папакуль з Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі (эўхарысткі) дала вечныя манаскія абяцанні.

Як паведамялецца на сайце Catholicnews.by, браслаўская святыня ў гэты прыгожы дзень сабрала шматлікіх гасцей: біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, абедзве родныя сястры якога належаць да згаданай манаскай супольнасці, святароў, сясцёр эўхарыстак з розных мясцін Беларусі, родных і сяброў сястры Кацярыны, а таксама мясцовых парафіянаў.

У прамоўленай на ўрачыстай святой Імшы гаміліі біскуп Буткевіч звярнуў увагу на значэнне манаскіх абяцанняў:

«Праз шлюбы чалавек даручае сваё жыццё ў Божыя рукі і такім чынам выказвае сваё жаданне пайсці за Езусам шляхам выпрабавання, шляхам вырачэння, але разам з тым шляхам умацавання свайго духа».

Пасля Літаніі да ўсіх святых сястра Кацярына ў прысутнасці біскупа Буткевіча і настаяцельніцы Беларуска-Літоўскай дэлегатуры супольнасці эўхарыстак сястры Алены Панцялей SJE дала на ўсё жыццё абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці. Пасля гэтага яна падпісала адпаведны дакумент на алтары, такім чынам выразіўшы ахвоту злучыцца з Эўхарыстычнай Ахвярай Хрыста.

На заканчэнне ўрачыстасці сястра Кацярына падзякавала ўсім, хто браў удзел у такой важнай для яе асабіста і ўсёй супольнасці падзеі, а таксама тым, хто перадаў ёй дар жыцця і падтрымліваў на шляху паклікання і манаскай фармацыі.

Пасля малітоўнай часткі святкаванне працягнулася пры святочным стале, дзе сястры Кацярыне было выказаны шмат віншаванняў і пажаданняў.

Сястра Кацярына Папакуль SJE паходзіць з парафіі святога Станіслава ў вёсцы Далёкія, што на Браслаўшчыне.

Дзелячыся з «Каталіцкім Веснікам» сваімі ўспамінамі, сястра Кацярына распавяла, што сакрамант хросту прыняла ў роднай парафіі ў Вялікую суботу, але не ў дзяцінстве, а ўжо ў дарослым узросце, маючы 24 гады. Праз год прыняла сакрамант канфірмацыі ў Браславе і неўзабаве адчула заклік Бога ў сваім сэрцы. Працуючы ў сферы гандлю, дзяўчына адчувала, што гэта не яе шлях, які не даваў задавальнення. Потым яна працавала ў школе, а праз тры гады з Божай дапамогай апынулася ў кляштары.

«Перад ад’ездам да сясцёр адзін святар сказаў мне: „Калі Езус будзе ў цэнтры, то ўсё вытрываеш“. І вось гэтыя словы мяне падтрымліваюць на працягу ўсяго майго манаскага жыцця», — прызналася сястра Кацярына.

Да размовы далучылася настаяцельніца браслаўскай супольнасці эўхарыстак сястра Наталля Арлянковіч SJE, якая дапамагала ў арганізацыі правядзення ўрачыстасці, і з усмешкай прамовіла:

«Сястра Кацярына — гэта наш сонечны праменьчык, асабліва ў працы з дзеткамі. Дзеці вельмі прывязаныя да яе, вельмі любяць, бо яна нясе ім гэтае святло, якім ёсць Езус».

У 2023 годзе сёстры эўхарысткі, якія жывуць згодна з дэвізам супольнасці «Усё для Хрыста і праз Хрыста», адзначылі юбілей 100-годдзя існавання сваёй кангрэгацыі. У сваёй апостальскай дзейнасці і ў адносінах з людзьмі эўхарысткі пашыраюць любоў да Хрыста, які прабывае на алтарах.

«Бог ёсць любоў», — менавіта гэтыя словы сталі дэвізам самага важнага дня ў жыцці сястры Кацярыны. Дзяўчатам, якія стаяць перад выбарам свайго жыццёвага шляху, законніца раіць быць адкрытымі на Божую любоў.

 

Абноўлена 02.10.2024 21:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.