Пошук

17.08.2017 12:45   Фота: Ян Лысы / Catholic.by

16 жніўня католікі Мінска па традыцыі сабраліся на Залатой Горцы ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы, другі тытул якога — святога Роха. Успамін гэтага святога, асаблівага заступніка беларускай сталіцы, якраз і прыпадае на гэты дзень.

Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

У казанні іерарх заклікаў прысутных быць апосталамі Езуса Хрыста, каб, падобна св. Роху, быць сведкамі Божай міласэрнасці. Апостал, як дадаў біскуп, — гэта «той, каго дакранулася малітва Езуса», бо менавіта пасля малітвы Езус абраў дванаццаць апосталаў. «Каб зрабіць добры выбар, Езус моліцца да Айца. Атуляе малітвай тых дванаццаць, якіх хоча выбраць. Так будзе даканца, — сцвердзіў біскуп Аляксандр. — Малітва стане адзінай сілай апосталаў у складаных сітуацыях».

«Мне вельмі хочацца, каб вы, дарагія браты і сёстры, зразумелі, што без малітвы не будзе дастаткова пакліканняў да святарскага і законнага жыцця», — дадаў дапаможны біскуп.

Разважаючы пра постаць св. Роха, «ціхаха, пакорнага, аднак моцнага верай і любоўю да Бога і людзей», іерарх нагадаў, што такі дар, як вера, неабходна ўвесь час развіваць і ажыццяўляць у сваім штодзённым жыцці. Гэтаму, як дадаў біскуп, будзе спрыяць малітва, якой чалавек павінен суправаджаць усё сваё жыццё: перад прыняццем важных рашэнняў, у цяжкія моманты, у хвіліны спакусаў. Біскуп Аляксандр таксама падкрэсліў, што праз малітву чалавек можа аказваць сапраўдную дапамогу таксама бліжнім.

«Кожны з нас праз агульнае святарства пакліканы да апостальскага служэння ў сваім штодзённым жыцці. Калі мы хочам сапраўды выканаць сваё пакліканне, мы павінны пачаць з малітвы», — падкрэсліў іерарх.

Святы Рох з’яўляецца апекуном хворых, лекараў і шпіталяў, а таксама вандроўнікаў; абараняе ад заразы і пошасцяў. Святы лічыцца апекуном Мінска, бо дзякуючы яго заступніцтву ў горадзе спынілася эпідэмія халеры.

Абноўлена 17.08.2017 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця