Пошук

30.10.2023 13:25   Тэкст: с. Лена Міхалковіч MSF / Фота: бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by

29 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах (Пінская дыяцэзія) адзначылі Дзень бедных.

Сёлета ўжо ў сёмы раз мерапрыемства для патрабуючых жыхароў горада арганізавалі сёстры місіянеркі Святой Сям’і сумесна з вернікамі парафіі.

У падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства іх нятхнялі словы з Паслання Папы Францішка на сёлетні Сусветны дзень бедных, эпіграфам да якога Святы Айцец узяў словы з біблійнай кнігі Тобія: «Ад ніводнага беднага не адварочвай твар свой (Тоб 4, 7), прапануючы гэтага справядлівага чалавека як прыклад клопату пра бедных, бо Тобій быў здольны нават падчас уласных выпрабаванняў заўважаць беднасць навокал і ісці з дапамогай патрабуючым.

«Калі мы стаім перад беднымі, мы не можам адвесці позірк, бо інакш мы не дазваляем сабе сустрэцца з абліччам Пана Езуса», — піша Папа Францішак, заклікаючы вернікаў імкнуцца быць падобнымі да Тобія, «каб каля алтара Пана мы ўсвядомілі, што ўсе мы — браты і сёстры, і гэтае братэрства праявіцца яшчэ больш, калі мы падзелім святочны пачастунак з тымі, хто пазбаўлены самага неабходнага».

Святы Айцец дадае, што бедным «патрэбна наша чалавечнасць, нашыя сэрцы, адкрытыя для любові. <…> Вера вучыць, што кожны бедны — дзіця Божае і што Хрыстус прысутны ў ім: усё, што вы ўчынілі для аднаго з гэтых найменшых, вы ўчынілі для Мяне», — нагадвае Папа Францішак словы Хрыста з Евангелля паводле Мацвея.

Папскае пасланне як быццам падказала праграму мерапрыемства з нагоды Дня бедных. Перадусім баранавіцкія католікі запрасілі патрабуючых жыхароў горада на святую Імшу, якую цэлебраваў пробашч парафіі ксёндз Конрад Патыка SVD. Усе прысутныя разам узносілі супольныя малітвы да Бога аб міры, справядлівасці і нябесных ласках для свету.

З нагоды Дня бедных адбылося благаслаўленне фігуры святога Роха, які пры зямным жыцці спазнаў пакуты ад нястачы і голаду і, між іншым, дае паратунак ад заразных хваробаў, якія нясуць з сабою выгнанне, падзел, адзіноту, боль і смерць. Прысутныя прасілі заступніцтва святога, каб ратаваў нашыя супольнасці ад хваробы абыякавасці і адасобленасці.

Святочная праграма Дня бедных была напоўнена цеплынёй усмешак. Госці парафіі атрымлівалі асалоду ад размоваў, вясёлых спеваў і танцаў, а таксама ад смачнага пачастунку.

Мерапрыемства для патрабуючых прайшло напярэдадні Сусветнага дня бедных, устаноўленага Папам Францішкам у лістападзе 2016 года, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў 33-ю Звычайную нядзелю і сёлета прыпадае на 19 лістапада. З душпастырскіх меркаванняў у Баранавічах мерапрыемствы з гэтай нагоды праводзяцца раней, з увагі на ўмовы надвор’я.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа