15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Кандрусевіч служыў св. Імшу ў праваслаўнай царкве ў гонар св. Хараламбаса ў г. Агіёс Ніколаос у Грэцыі.
Разам з беларускім іерархам Эўхарыстыю лацінскай і англійскай мове канцэлебравалі душпастыр мясцовых католікаў кс. Марэк Высоцкі, а таксама святары Беластоцкай архідыяцэзіі — кс. Генрых Радзевіч і кс. Казімір Федаровіч.
У гаміліі на англійскай і польскай мовах арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў сабраным, што ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі святкуецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве. У Грэцыі Праваслаўная Царква карыстаецца новаюліянскім календаром, які вельмі блізкі да грыгарыянскага, і таму ўсе святы католікі і праваслаўныя тут святкуюць разам, у адзін дзень. Аднак Вялікдзень, які ў Грэцыі таксама святкуюць разам, адзначаецца паводле юліянскага календара.
Падчас гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч агучыў пытанне: чаму Езус узяў Марыю на неба адразу пасля заканчэння яе зямнога жыцця, не чакаючы канца свету? Беззаганна зачатая Марыя, як патлумачыў іерарх, не запляміла свайго жыцця грахом і заўсёды згаджалася з Божай воляй. «Яе ўлонне стала першым табернакулюмам. Таму Езус не мог дазволіць, каб цела Яго Маці паддалося знішчэнню», — дадаў беларускі арцыпастыр.
У Евангеллі на гэтую ўрачыстасць апісваюцца адведзіны Марыяй святой Альжбеты. Пад натхненнем Святога Духа Альжбета вітае Марыю як Маці Збаўцы, а Марыя спявае свой слаўны гімн Magnificat, які з’яўляецца яе іконай, дзе Марыя прадстаўлена такой, якой яна ёсць на самой справе, — вялікай у вачах Бога і людзей. «Гэта лекцыя для кожнага з нас, бо мы таксама пакліканы быць вялікімі і можам імі быць толькі ў ззянні Божага закону», — дадаў іерарх.
«Спакушаныя злым духам нашы першыя бацькі думалі інакш, яны хацелі быць, як Бог, што і стала прычынай іх духоўнага падзення і першароднага граху. Падобная сітуацыя і ў сучаснага чалавека, які кажа, што Божы закон абмяжоўвае яго свабоду. Таму Бог павінен знікнуць. Чалавек жа, у сваім імкненні да абсалютнай незалежнасці, хоча замяніць Бога, каб жыць паводле свайго закону, а не Божага, — працягваў арцыбіскуп. — Але падобна думаў і марнатраўны сын, які не хацеў быць свабодным у доме свайго айца. У выніку, ён стаў нявольнікам».
Марыя, як нагадаў іерарх, усё сваё жыццё заставалася духоўна свабоднай, бо заўсёды жыла згодна з Божай воляй. «Сучаснасць Марыі — гэта наша будучыня, у якую вядзе свабода ў межах Божага закону», — падкрэсліў арцыпастыр і заахвоціў вернікаў заўсёды сведчыць сваё хрысціянскае пакліканне і па прыкладу Марыі жыць згодна з Божай воляй і такім чынам імкнуцца да вечнага шчасця ў небе, каб заняць месца побач з Унебаўзятай Марыяй.