Пошук

19.08.2024 11:11   Тэкст: Ганна Сярпінская / Фота: з архіву парафіі ў Нясвіжы / Catholic.by

15 жніўня, калі ў Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, вернікі парафіі Божага Цела ў старадаўнім Нясвіжы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) падрыхтавалі адмысловую працэсію з дарамі.

З урачыстасцю звязаны звычай дажынак, або благаслаўлення снапоў і пладоў сёлетняга ўраджаю, а таксама зёлак, і таму свята часам называюць Маці Божай Зельнай.

Да гэтага дня ў нясвіжскай парафіі рыхтаваліся асаблівым чынам. Сёстры Яніна і Галіна з кангрэгацыі Місіянерак Хрыста Валадара, якія нясуць служэнне ў парафіі, заўсёды напоўненыя творчымі задумамі і маюць здольнасць натхніць імі тых, хто побач. Вернікі рознага ўзросту на чале з валанцёрамі парафіяльнага Caritas падрыхтавалі прыгожыя кошыкі, дэкаратыўныя вазочкі і напоўнілі іх агароднінай, садавіной, зёлкамі, кветкамі.

Падчас святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз канонік Пётр Шарко, дэкан Нясвіжскі, дары новага ўраджаю разам з вялікім караваем прынеслі да алтара. Жыхары вёскі Малева стварылі цудоўную кампазіцыю ў форме сэрца з каласоў жыта, агародніны і кветак.

Сумесная справа дала асаблівае пачуццё еднасці і саўдзелу.

У гэты дзень сёстры Галіна і Яніна прымалі віншаванні з нагоды чарговай гадавіны з часу вечных манаскіх абяцанняў.

Як прызнаюцца нясвіжскія вернікі, супольная малітва, благаслаўленне кветак, зёлак і дароў новага ўраджаю, падзяка Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі за сабраны ўраджай дала магчымасць у чарговы раз адчуць вялікую любоў Хрыста, а таксама ласкавасць і шчодрасць Нябеснай Матулі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.