
15 жніўня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве адбылася тытульная ўрачыстасць, якая сёлета мела асаблівае значэнне. Упершыню магілёўскую супольнасць наведаў Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. Ён узначаліў адпустовую святую Імшу і перадаў вернікам благаслаўленне Святога Айца.
На пачатку Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прывітаў Апостальскага нунцыя і Мітрапаліта Юзафа Станеўскага, прысутнасць якіх падкрэсліла значнасць падзеі для ўсёй архідыяцэзіі, а таксама святароў, законных сясцёр і вернікаў магілёўскіх парафій. Ён падкрэсліў, што тытульнае свята катэдры з’яўляецца важнай падзеяй для ўсёй архідыяцэзіі, а прысутнасць прадстаўніка Святога Айца — знакам еднасці мясцовага Касцёла з Рымам.
Біскуп выказаў удзячнасць святарам і законным сёстрам за пастырскую працу, а таксама адзначыў прысутнасць вернікаў з розных парафій. Асобна ён узгадаў айца Рамана Шульца OP, які пасля трынаццаці гадоў служэння ў Магілёве вяртаецца ў Польшчу, падкрэсліўшы яго адданасць і блізкасць да людзей.

Цэнтральным момантам свята стала пастырскае слова арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа. Нунцый нагадаў, што ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адкрывае перад вернікамі перспектыву ўваскрослага жыцця, якое Бог рыхтуе для кожнага чалавека.
Марыя, узятая на неба душой і целам, паводле яго, з’яўляецца першынцам Касцёла і знакам надзеі для Божага народа.
Прадстаўнік Святога Айца звярнуў увагу на літургічныя чытанні дня, падкрэсліўшы перамогу Божай вернасці над злом, прыгажосць пакоры і паслухмянасці Марыі, а таксама надзею, якую дае Хрыстус — першынец тых, хто ўваскрасае. Ён адзначыў:
«Гісторыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — гэта сведчанне стойкасці веры ў складаных абставінах».

Прысвячэнне катэдры Марыі Унебаўзятай, паводле яго слоў, адлюстроўвае духоўную місію супольнасці: жыць верай, укаранёнай у Евангеллі, і глядзець у будучыню з надзеяй. Прадстаўнік Папы заклікаў вернікаў наследаваць Марыю ў вернасці, пакоры і служэнні, асабліва ў адносінах да тых, хто перажывае цяжкасці, падкрэсліўшы, што Касцёл пакліканы быць блізкім да людзей і несці ім суцяшэнне.
Падчас візіту Апостальскі нунцый перадаў айцоўскае прывітанне Папы Льва XIV і яго Апостальскае благаслаўленне, выказаўшы ўдзячнасць духавенству і вернікам за сведчанне веры і служэнне Касцёлу.
Пробашч катэдральнай парафіі ксёндз Уладзімір Русак падзякаваў Апостальскаму нунцыю за яго візіт і ўдзел у парафіяльным святкаванні, а таксама выказаў удзячнасць Мітрапаліту Юзафу Станеўскаму, біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB, духавенству Магілёўшчыны, законным сёстрам і ўсім вернікам. У знак пашаны ксёндз Уладзімір уручыў арцыбіскупу драўляны пастарал — сімвал пастырскай улады.

Пасля гэтага вернікі павіншавалі з урачыстасцю Апостальскага нунцыя Іньяцыё Чэффаліа, Мітрапаліта Юзафа Станеўскага і біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, які нядаўна таксама адзначыў дзень свайго нараджэння. Мітрапаліт Юзаф Станеўскі падзякаваў айцу Раману Шульцу OP за яго шматгадовае служэнне ў Магілёве.
Вернікі парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі выказалі сваю ўдзячнасць і папрасілі прызначыць у парафію душпастыра, які будзе працягваць духоўную лінію айца Рамана. Прадстаўнікі Клуба каталіцкай інтэлігенцыі падзякавалі айцу Раману за апеку над супольнасцю і ўручылі яму акварэльную карціну з выявай касцёла, напісаную Фёдарам Кіселёвым.
На завяршэнне Апостальскі нунцый удзяліў благаслаўленне вернікам. Пасля Імшы адбылася супольная агапа, падрыхтаваная моладдзю катэдральнага касцёла.



























































































