Пошук

16.08.2024 16:42   Тэкст: Раман Ярмош / Фота: Кацярына Сантоцкая / Catholic.by

15 жніўня ў невялікай вёсачцы Дуды (Гродзенская дыяцэзія, Івейскі дэканат) адбыўся традыцыйны фэст з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гэты дзень вернікі з усяго наваколля традыцыйна збіраюцца ў драўляны касцёл Нараджэння Маці Божай, дзе слыне ласкамі цудадзейны абраз Маці Божай Сакальскай.

Каб скласці перад іконай Нябеснай Маці свае просьбы і падзякі, тоолькі ў пешай пілігрымцы з Іўя на ўрачыстасць сёлета прыбылі 110 вернікаў.

На пачатку ўрачыстасці пробашч дудскай парафіі ксёндз Вячаслаў Матукевіч прывітаў усіх прысутных: парафіянаў, духоўных асоб, пілігрымаў, якія не толькі прыйшлі пешшу, але і прыехалі на роварах і машынах як з наваколля, так і з іншых мясцін.

Сваімі ўспамінамі пра фэст у Дудах падзяліўся з прысутнымі ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, дырэктар Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь.

Святар узгадаў сваё дзяцінства, звязанае з гэтым касцёлам, і выказаў радасць ад таго, што Івейская зямля мае сваю асаблівую святыню ў гонар Маці Божай.

У прамоўленай гаміліі ксёндз Андрэй на падставе свайго жыццёвага вопыту падкрэсліў важнасць Маці ў жыцці кожнага чалавала.

«Сёння мы ўзносім малітвы за нашых маці — галоўнага чалавека ў жыцці. Не забывайце пра іх! Не губляйце час, які мы можам прысвяціць нашым родным», — заахвоціў удзельнікаў фэсту святар.

Гістарычная даведка

Першы касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах быў пабудаваны ў XVІ стагоддзі. З інвентара касцёла вядома аб тым, што ў галоўным алтары святыні знаходзіўся абраз Маці Божай Сакальскай, які быў аздоблены двума вотумамі. У 1732 годзе ксёндз Уладзіслаў Мацкевіч пабудаваў новы касцёл, у галоўным алтары якога таксама знаходзіўся абраз Маці Божай Сакальскай. У 1757 годзе пры ім знаходзілася ўжо 72 вотумы і яшчэ больш за 100 — каля іншых абразоў.

Цяперашні касцёл быў узведзены ў 1772 годзе коштам дудскіх старостаў Гераніма і Барбары з Сулістроўскіх Зянковічаў.

Пасвячаны ён быў пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча 28 верасня 1773 года. У святыні таксама ў галоўным алтары змяшчаўся старадаўні абраз Маці Божай Сакальскай.

Такім чынам, урачастасці ў Дудах маюць глыбокія карані, а абраз Маці Божай здаўна карыстаецца вялікай павагай сярод вернікаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа