Пошук

16.08.2023 09:49   Тэкст: Раман Ярмош, Марына Пазняк / Фота: Кацярына Сантоцкая / Catholic.by

15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, адбыўся традыцыйны фэст у Дудах, вёсцы пад Іўем (Гродзенская дыяцэзія), дзе ў старадаўнім драўляным касцёле слыне ласкамі абраз Маці Божай.

Касцёл на Беларусі мае багатую рэлігійную, духоўна-культурную і матэрыяльную спадчыну — Марыйныя санктуарыі. Прычым заўважана, што Марыя часта выбірае сабе ціхія і спакойныя мястэчкі, вёсачкі.

Акрамя шырокавядомых санктуарыяў у Будславе, Тракелях, Гудагаі і так далей, ёсць на нашай зямлі і іншыя, менш вядомыя, але не менш значныя ў духоўным плане месцы культу Багародзіцы. Ёсць такая асаблівая мясціна і на Івейшчыне. Гэта касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах, вёсцы непадалёк ад Іўя.

У галоўным алтары святыні змешчаны спіс цудадзейнага абраза Маці Божай Сакальскай, да якога ўжо не адно стагоддзе збіраюцца вернікі з усяго наваколля.

Мястэчка Дуды ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах пад 1560 годам. Тады ж узгадваецца і касцёл, размешчаны на местачковым рынку. У гады распаўсюду на нашых землях Рэфармацыі ў другой палове XVI стагоддзя святыня служыла і івейскім парафіянам, якія засталіся вернымі сапраўднай веры, бо касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі быў ператвораны ў арыянскі збор. Больш падрабязная інфармацыя аб дудскім касцёле датуецца 1670 годам: «невялікі, драўляны, з трыма алтарамі, у галоўным змешчаны абраз Маці Божай Сакальскай, аздоблены некалькімі вотамі».

Невядома, колькі яшчэ існавала гэтая святыня, але ў 1732 годзе плябан (пробашч) ксёндз Уладзіслаў Мацкевіч пабудаваў новы касцёл, таксама драўляны. У ім была тая ж колькасць алтароў: у галоўным — абраз Маці Божай Сакальскай, у бакавых — святога Юрыя і Маці Божай Чэнстахоўскай, аздоблены срэбнай каронай.

Цяперашняя святыня пабудавана ў 1772 годзе і пасвячана пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча 26 верасня 1773 года біскупам Тамашом Зянковічам. Варта адзначыць, што напрыканцы XVIII стагоддзя ў касцёле знаходзіліся каля дзвюх соцень вотаў. Каля абраза Маці Божай іх было 72. У ХІХ стагоддзі на знак асаблівай пашаны абраз Багародзіцы быў аздоблены дзвюмя срэбнымі каронамі.

Нараджэнне культу Маці Божай Дудскай адбылося дзякуючы служэнню ў Іўі бэрнардынаў — манахаў аднаго з адгалінаванняў францішканскай сям’і.

Ад пачатку свайго існавання святыня ў Дудах была філіялам івейскай парафіі, таму гісторыя івейскай і дудскай супольнасцяў вельмі шчыльна звязана. Прыйшоўшы на івейскую зямлю ў 1631 годзе, бэрнардыны таксама духоўна апекаваліся і вернікамі ў Дудах.

Абраз Маці Божай у Дудах з’яўляецца спісам іконы Маці Божай Сакальскай, напісанай таленавітым літоўскім мастаком Якубам Вэнжыкам у ХІІІ стагоддзі. Вядома, што мастак у выніку напружанай працы страціў зрок, аднак змог здзейсніць пілігрымку ў Чэнстахову і каля абраза Маці Божай Чэнстахоўскай папрасіць аб ласцы аздараўлення. І адбыўся цуд: ён зноў пачаў бачыць. Уражаны прыгажосцю Чорнай Мадоны, мастак вырашыў зрабіць спіс гэтага абраза. Аднак ствараць ікону па памяці было цяжка, таму ён яшчэ двойчы наведаў Ясную Гару. Вярнуўшыся дадому пасля другой пілігрымкі, Якуб Вэнжык убачыў прыгожы воблік, ад якога зыходзіла святло. Ён пачуў голас, які загадаў занесці абраз у касцёл горада Сакаль.

У XIV стагоддзі святыня была знішчана, аднак абраз цудам ацалеў. Яго змясцілі ў пабудаваную на тым жа месцы капліцу. У XVII стагоддзі замест яе пабудавалі кляштар і касцёл бэрнардынаў. З цягам часу абраз Маці Божай Сакальскай стаў славіцца цудамі.

На працягу ўсёй складанай гісторыі цудадзейнага абраза ім заўсёды апекаваліся манахі бэрнардыны. Менавіта яны і далі пачатак культу Маці Божай Сакальскай у Дудах, на івейскай зямлі. Да нашага часу арыгінал абраза не захаваўся, але ён існуе ў спісах, адзін з якіх ушаноўваецца на Івейшчыне.

Сёлетні фэст у Дудах стаў працягам даўняй традыцыі: да Маці Божай прыйшлі пілігрымы, адбылася ўрачыстая Імша і Эўхарыстычная працэсія.

Амаль 500 гадоў таму распачаты культ Маці Божай Дудскай і сёння жыве, працягваючы збіраць каля цудадзейнага абраза вернікаў усіх узростаў: і старэйшых людзей, і прадстаўнікоў сярэдняга пакалення, і моладзь.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця