Пошук

14.08.2017 14:15   Валянціна Грамыка / Фота: Марыя Кажарновіч / Catholic.by

12–13 жніўня ў Беразінскім прайшоў Хрысціянскі музычны фестываль Laudato Si. Каля 50 канкурсантаў — католікі, праваслаўныя і пратэстанты — прадставілі свае нумары ў намінацыі гурты і салісты.

Форум праходзіў ужо другі раз, і сёлета на ім сабраліся спевакі і музыкі з Мінска, Валожына, Смаргоні, Астраўца і Гродна. Былі музыкі і з самога Беразінскага.

Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца кс. Сяргей Бараўнёў з парафіі Божага Цела ў Беразінскім, а таксама Алёна Палачанская і Андрэй Лугін — удзельнікі гурта Laudans. Ідэя і назва фестывалю, як паведаміла Алёна, належаць кс. Сяргею Бараўнёву.

Па словах Алёны Палачанскай, ідэя святара супала з даўнім жаданнем гурта Laudans стварыць фестываль конкурснага тыпу, які б аб’ядноўваў музыкаў Беларусі ўсіх хрысціянскіх канфесій. Адна з мэтаў фестывалю, як дадала Алёна, — натхняць удзельнікаў на далейшае супрацоўніцтва і сумесныя праекты. Такі плён прынёс ужо першы фестываль, калі музыкі і аматары са Смаргоні аб’ядналіся ў гурт «Пілігрымы» менавіта для таго, каб удзельнічаць у Laudato Si.

Удзельнікаў сёлетняга музычнага конкурсу чакала супольная малітва на святой Імшы, сустрэча з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB, прэзентацыя «Радыё Марыя», музычная паўза ад гурта Laudans і Вальжыны Прохаравай, а таксама танцы ад вядучага Андрэя Коўшука, навучэнца гродзенскай семінарыі.

Пасля праслухоўвання, што праходзіла ў першы дзень, журы аб’явіла пераможцаў, якія сталі ўдзельнікамі гала-канцэрта ў заключны дзень фестывалю.

У склад журы ўваходзіла паэтка і музыка Марыя Новікава, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў Мінску віяланчэлістка Вальжына Прохарава, трубач Абразцова-паказальнага аркестра МУС РБ Анатоль Дземідовіч.

Пераможцы ў намінацыі гурты:

  • гран-пры — каталіцкі гурт «Пілігрымы» (парафія Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні)
  • ІІ месца — праваслаўны гурт The brothers
  • ІІІ месца — ансамбль «Беразіначка» (Дом культуры ў Беразінскім)

«Гурт “Пілігрымы” прадставіў аўтарскія спевы, — падкрэсліла Алёна Палачанская. — Журы адзначыла, што выкананне было вельмі моцным і харызматычным. Было відаць, што ў падрыхтоўку да конкурсу было ўкладзена шмат працы».

Пераможцы ў намінацыі салісты:

  • І месца — Адэль Харланчук (Мінск)
  • ІІ месца падзялілі Валерыя Неўская (вакалістка гурта «Пілігрымы», Смаргонь) і Яўгенія Раткевіч (Астравец)

Адэль Харланчук, дзесяцігадовая дзяўчынка, але ўжо мае дыск з запісам песень свайго аўтарства і яе мамы Ганны Харланчук-Южаковай.

Прыз сімпатый гледачоў атрымаў Андрэй Паўлюць, трохгадовы хлопчык, які выканаў пяць кароткіх спеваў, у тым ліку на лацінскай і іспанскай мовах. Гэты маленькі талент да таго ж іграў на піяніна.

Адным з плёнаў гэтых двух фестываляў з'яўляецца сумесны праект, які будзе рэалізаваны гэтай восенню на сцэне мінскай філармоніі.

 

Абноўлена 16.08.2017 10:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця