13 жніўня Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які знаходзіцца на адпачынку ў Грэцыі на востраве Крыт, служыў святую Імшу ў лацінскім абрадзе ў праваслаўнай царкве ў гонар св. Хараламбаса ў г. Агіёс Ніколаос.
Імша цэлебравалася на лацінскай і англійскай мовах. Як вядома, Грэцыя з’яўляецца пераважна праваслаўнай краінай, хоць і там ёсць Каталіцкі Касцёл з адпаведнымі структурамі. Праваслаўная Царква на востраве Крыт знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага Патрыярхату. У мінулым годзе тут таксама праходзіла агульнаправаслаўная сустрэча большасці Праваслаўных Аўтакефальных Цэркваў.
У г. Агіёс Ніколаос няма каталіцкай святыні, аднак Праваслаўная Царква без аплаты дазваляе католікам, у асноўным турыстам, выкарыстоўваць царкву св. Чаралямбаса для каталіцкіх набажэнстваў, што з’яўляецца знакам павагі Праваслаўнай Царквы да Каталіцкага Касцёла, салідарнасці і добрых экуменічных адносін.
На востраве Крыт, які славіцца тым, што тут у свой час прабываў св. апостал Павел, пастырствам сярод невялікай колькасці мясцовых католікаў і большасці турыстаў займаюцца чатыры святары з Польшчы. У нядзелі і святы яны абслугоўваюць па некалькі пастырскіх пунктаў, пераязджаючы з аднаго ў другі. Святар Марэк Высоцкі з Беластоцкай архідыяцэзіі запрасіў беларускага іерарха ўзначаліць Імшу.
У гаміліі на англійскай мове Мітрапаліт Кандрусевіч спаслаўся на нядзельнае Евангелле, у якім апавядалася як Пётр ішоў да Езуса па ўзбураных хвалях возера. «Пётр пайшоў і ішоў па вадзе супраць усіх законаў фізікі. Аднак трымаўся да той пары, пакуль яго позірк быў скіраваны на Езуса, пакуль ён давяраў Яму. Аднак, калі падумаў пра вецер і вялікія хвалі, спалохаўся і пачаў тануць і прасіць дапамогі Езуса. Езус дапамог і выратаваў Пятра, — адзначыў іерарх, падкрэсліўшы, што падобная сітуацыя паўтараецца і сёння. — Мы стараемся вырашаць нашы праблемы самі, без Божай дапамогі, і не можам іх вырашыць».
Беларускі арцыбіскуп заахвоціў сабраных вернікаў разлічваць не толькі на свае сілы, але таксама прасіць Божай дапамогі на жыццёвых хвалях.
Пасля святой Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч сустрэўся з вернікамі-турыстамі, якія зацікавіліся сітуацыяй Касцёла ў Беларусі.