Пошук

09.08.2017 16:01   Catholic.by

«Сведчаннем гісторыі гэтай зямлі» назваў касцёл у Германавічах біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у гаміліі падчас Імшы з нагоды 230-годдзя святыні. Гэтая падзея адбылася 6 жніўня, у свята Перамянення Пана, калі ў парафіі праходзіў фэст з гэтай нагоды.

Свята сабрала вялікую колькасць вернікаў як з самой парафіі, так і жыхароў іншых мясцінаў, ураджэнцаў гэтай зямлі. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

 

У гаміліі віцебскі ардынарый падкрэсліў, што веліч гэтай святыні нагадвае, як людзі ставіліся да пытання веры ў Бога і наколькі важнае месца яна займала  ў іх жыцці.

Нягледзячы на тое, што за час існавання гэтай святыні змянілася ўжо 10 пакаленняў вернікаў, гэты касцёл застаецца жывым і маладым.

Іерарх распавёў гісторыю пра адну жанчыну, якая, прыехаўшы ў горад да сваіх дзяцей, у нядзелю пайшла шукаць касцёл. Не ведаючы горад, яна пыталася пра касцёл у людзей і, нарэшце, спытала ў аднаго хлопца, ці гэтая дарога вядзе да касцёла. Той адказаў, што не, і тады жанчына ў прастаце свайго сэрца сказала: «Навошта ж гэтая дарога, калі яна не вядзе да касцёла!» Біскуп адзначыў, што шмат якія касцёлы пабудаваны напрыканцы вуліцы ці дарогі, і ў «гэтым ёсць глыбокі сэнс».

«Бо чым ёсць дарога?, — задаў пытанне іерарх. —Пілігрымка, якая нагадвае нам жыццё. Чалавек няспынна знаходзіцца ў дарозе, якая некалі скончыцца. Мы павінны ўсведамляць, што дарога нашага жыцця не заканчваецца толькі магілай. І гэта сапраўды не канец для чалавека. Не ўкладаў бы Бог столькі мудрасці, столькі прыгажосці ў сваё стварэнне, якім ёсць чалавек, створаны на Яго вобраз і падабенства, каб ён скончыў сваё жыццё прахам».

У гэты дзень трое хлопцаў з германавіцкай парафіі ўпершыню прынялі Езуса ў сваё сэрца, пасля чаго атрымалі благаслаўленне ад біскупа.

Падчас свята біскуп Віцебскі ўдзяліў пастырскае благаслаўленне тым парафіянам і іх дзецям і ўнукам, якія шмат намаганняў уклалі ў адраджэнне германавіцкай святыні напрыканцы 1980-ых гг. Многія з іх ужо адышлі ў вечнасць, усе яны за сваю дзейнасць атрымалі ці атрымаюць сваю ўзнагароду ў небе, але варта адзначыць годнасць і ўзнёсласць гэтага акту — памятаць пра гэта і падзякаваць за працу і высілкі для святыні пры жыцці чалавека, ды яшчэ ва ўрачыстай абстаноўцы.

Бачна, што для вернікаў вясковай парафіі гэта сапраўды свята — усе апрануты ў лепшае, святочнае адзенне, на галовах у старэйшых жанчын новыя хусткі, мужчыны і хлопцы ў гарнітурах. Прыаздоблены і касцёл — як звонку, так і ўнутры. Аднак галоўнае — гэта духоўная падрыхтоўка, якая была праведзена перад святам, калі на працягу некалькіх дзён парафіяне прыступалі да сакрамэнту пакаяння.

Асаблівай радасцю для германавіцкіх парафіянаў стала тое, што гэтае свята разам з імі раздзяліў біскуп Віцебскі. З кветкамі і словамі падзякі іерарха прывіталі прадстаўнікі розных пакаленняў і малітоўных груп парафіі.  Кранальным жэстам было ўручэнне біскупу падарунку школьніцы Улляны Сташкевіч, якая падаравала іерарху сплецены ёю кошык з газетных трубачак.

Падчас свята прадстаўнікі мясцовай улады падаравалі ксяндзу Яну карціну з выявай касцёла ў Германавічах аўтарства віцебскага мастака Чэслава Шамшура, які гэтымі днямі прымаў удзел у мастацкім плэнэры ў суседніх Лужках.

«Гэтая свята ізноў прадэманстравала вернасць вернікаў свайму касцёлу, якія зрабілі вялікую як фізічную, так і духоўнаую працу дзеля таго, каб гэтая свята атрымалася», — сказаў адміністратар парафіі кс. Ян Пугачоў.

Завяршылася свята Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла і спевам «Цябе, Божа, праслаўляем».

Трэба адзначыць, што германавіцкая святыня адна з найстарэйшых у Віцебскай дыяцэзіі. Зразумела, што стары будынак патрабуе больш пільнага нагляду і пастаяннага рамонту, а патрэбных сродкаў невялікая вясковая парафія сабраць не ў стане.

Таму адмыслова да святкавання юбілею адміністратар парафіі падрыхтаваў паштоўкі з фотаздымкамі касцёла і разліковым рахункам парафіі «Выратуем святыню разам». Святар спадзяецца, што знойдуцца людзі неабыякавыя да лёсу германавіцкай святыні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа